Анатоль Лябедзька: «Карупцыя ў Беларусі – гэта руская рулетка»


Полацк, Калінкавічы, Менск і нават «прэзідэнцкі» Шклоўскі раён – геаграфія айчыннай карупцыі шырокая. Генпракуратура пахвалілася адразу некалькімі затрыманнямі высокіх пасадоўцаў.

315 тысячаў долараў шкоды праз кіраўніка Калінкавіцкай арганізацыі, 126 тысячаў долараў скраў дырэктар менскай арганізацыі, у Смалявіцкім раёне шкода ад дзеянняў дырэктара прадпрыемства ацэньваецца на 71 тысячу долараў, у Полацку – на 5 тысячаў долараў у эквіваленце.

Меншыя сумы фігуруюць у справах кіраўнікоў сельгаспрадрыемстваў у Глыбоцкім, Ляхавіцкім, Шклоўскім раёнах.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ЛІДАР АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«У такіх краінах, як Беларусь, гэта адбываецца вельмі гучна. Пра гэта гавораць на тэлебачанні, пра гэта пішуць газеты, але як была 20 гадоў гэтая карупцыя, гэтак яна і засталася».

Што праўда невялікія зрухі, калі меркаваць са штогадовага «Індэксу ўспрыняцця карупцыі», ёсць. У 2008-ым годзе нашая краіна стаяла на 150-ай пазіцыі і была адной з самых карумпаваных, у леташнім рэйтынгу мы – 107-ыя.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Усе бяруць хабары…. (даўгая паўза) разумееце, тут сістэма»,

«Здарэнні апошніх гадоў паказваюць, што чым больш чалавек скраў, тым больш у яго магчымасцяў пагасіць шкоду і сысці ад адказнасці. Гэта няправільна,

«Я думаю, што ў нас на ёй усё пабудавана! Калі адзін карупцыянер кажа, што трэба змагацца з карупцыяй, то ніхто з ёй не змагаецца».

Прыблізна тое ж самае пра ролю карупцыі ў сістэме кіравання Лукашэнкі кажуць і эксперты. Барацьба на ўзроўні дробных кіраўнікоў і чыноўнікаў – метад захавання кантролю: маўляў, можаце красці патрошку, але ведайце меру. Але часам трапляецца і буйная рыба.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА:

«Тут працуе руская рулетка. Вы можаце быць суперзаможным чалавекам, дзякуючы таму, што нешта размяркоўваеце, але можаце і трапіць у турму. І тут трапляюць у такія складаныя сітуацыі і бізнесоўцы. Вось нядаўна Чыж выкупіў сваю свабоду, гэта ўжо некалькі дзясяткаў буйных прадпрымальнікаў, якія купляюць сваю свабоду».

Сам Лукашэнка вельмі любіць дэклараваць змаганне на ўвесь голас. У карупцыйным пытанні, маўляў, ён ні перад чым не спыніцца: пад каўпаком усе.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Ведаеце, што самае страшнае? Чалавек, які змагаецца з карупцыяй, а гэта перадусім следчы, сам паграз у гэтых рэчах».

Пры гэтым на патрэбы сістэмы антыкарупцыйнае заканадаўства ў Беларусі можа быць вельмі гнуткае. Экс-намеснік генеральнага пракурора і карупцыянер Аляксандр Архіпаў не адбыў і паловы свайго тэрміну, калі Лукашэнка яго памілаваў і скіраваў на пасаду кіраўніка калгасам.

Таццяна Рэут, «Белсат»