Маладая і энергічная жанчына, маці дваіх дзяцей, узгадваюць 31-гадовую Вольгу Бабкевіч, якая на мінулым тыдні памерла ў гэтым фельдшарска-акушэрскім пункце ў вёсцы Цюрлі ад анафілактычнага шоку.
«Кажуць, што прыйшла са сваім. Ну але я таксама гэтыя ўколы калола, разумееце? І нават сама сябе калола гэтымі ўколамі», – кажа суседкай загінулай.
Адметна, што самая загінулая была медычнай сястрой і з гэтым антыбіётыкам мела дачыненне ўжо некалькі гадоў. Гэта першы з трох выпадкаў моцнай алергічнай рэакцыі на цэфтрыяксон за тыдзень. Паводле віцэ-прэм’ера Васіля Жарко, сітуацыя нестандартная, але пужаць не трэба. Шок ад прэпарату, кажуць у Міністэрстве аховы здароўя, звязаны з індывідуальнымі рэакцыямі арганізмаў, а не з якасцю лекаў. Інакш мяркуе маці аднаго з пацярпелых.
«Ніколі ў яго рэакцыі не было, ён алергетыкам не быў. Тут усё з-за лекаў», – упэўненая Агнэса Шчарбакова, маці пацярпелага хлопчыка.
Ягоны стан застаецца цяжкі. У гэтым выпадку лек быў расейскага паходжання, укол рабілі дома. У той жа дзень у Ганцавіцкі шпіталь прывезлі 12-гадовую школьніцу, яна ўжо папраўляецца. Медычныя эксперты што да прычынаў часткова пагаджаюцца з прадстаўнікамі міністэрства.
«Анафілактычная рэакцыя не звязаная з якасцю прэпарата, яна звязаная з тым, што дадзены чалавек, ягоны арганізм адрэагаваў на нешта, што ўтрымлівае ці гэта антыбіётык, ці лідакаін», – упэўнены дзіцячы рэаніматолаг Зміцер Салошкін.
«Калі парушаюцца тэхналогіі, ступень ачысткі лекавых сродкаў, то верагоднасць узнікнення алергічных рэакцыяў вельмі павялічваецца», – тлумачыць правізар Зміцер Якаўцаў.
«Слава богу, дзеці ў мяне здаровыя, калі і выкарыстоўваем нейкія, то самыя мінімальныя. Антыбіётыкі я ім не даю прынцыпова, прынамсі беларускія».
«Калі хочуць зрабіць танныя лекі, то зробяць танныя лекі. Трэба браць кампаненты падаражэй і рабіць».
«У мяне дзіця алергік, я заўсёды прыгатаваная да таго, што ў любы момант можа настаць складаная сітуацыя».
«Тут незразумела, хто вінаваты – ці антыбіётык, ці лідакаін».
– кажуць жыхары Менску.
Пакуль ідзе правяранне якасці, продаж і выкарыстанне цэфтрыяксону і лідакаіну вытворчасці Барысаўскага заводу прыпынілі. Агулам жа за ўвесь мінулы год лекары зафіксавалі 254 выпадкі алергічнай рэакцыі на антыбіётыкі. І гэта не толькі анафілактычны шок. З гэтай колькасці выкліканыя менавіта цэфтрыяксонам могуць складаць да 25 здарэнняў.
«Практыка прымянення антыбіётыкаў у Беларусі трагічная я б сказаў, неапраўдана пашыраная і вельмі вялікая ідзе доля самалекавання. І можа быць завялікая практыка прызначэння амбулаторным хворым», – дадаў спадар Салошкін.
Цяпер жа медыкам раяць выкарыстоўваць антыбіётыкі ў таблетках, а не ін’екцыях ды шпіталізаваць пацыентаў з цяжкімі формамі пнеўманіі і грыпу.
Таццяна Рэут, «Белсат»