АГП: улады рыхтуюць чарговую фальсіфікацыю


Фінальны гудок для вылучэнцаў. Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты мясцовых саветаў Алесь Лагвінец правёў свой апошні пікет для збору подпісаў. Рэгістрацыя кандыдатаў распачнецца заўтра і закончыцца 18-га студзеня. Калі Лагвінца зарэгіструюць, яму давядзецца змяніць месца агітацыйных пікетаў.

Пасля мінулых выбараў сталічныя ўлады змянілі спіс дазволеных месцаў

«Калі мы стаялі ў 2016-м годзе на гэтым мосце, то пасля Менгарвыканкам прыняў рашэнне, дзе забаранілі агітацыю на мастах і на праезнай частцы дарог», – узгадвае Алесь Лагвінец.

Сённяшняя акцыя таксама не засталася без увагі

На месцы пікету хутка з’явіліся міліцыянты. Яны не сталі замінаць удзельнікам, але пакінулі некалькі аўтаў для назірання.

«Я лічу, што ў выбарах няма сэнсу. Усё роўна ў дэпутаты пойдуць тыя, хто ўладзе патрэбны. Такія незалежныя як Лагвінец там непатрэбныя», – кажа Зміцер, жыхар Сухарава.

Гэткага меркавання прытрымліваецца Абʼяднаная грамадзянская партыя

У адмысловым звароце АГП заяўляе, што для выбараў 18-га лютага ўлады рыхтуюць чарговую фальсіфікацыю вынікаў. Партыя заклікае беларусаў не толькі падтрымаць незалежных кандыдатаў, але і стаць назіральнікамі, каб данесці праўду пра выбары да суайчыннікаў.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vladimir Nikolsky / Reuters