Агляд спартовых навінаў


Тэніс

2:0 на карысць Беларусі такія лічбы на табло пасля першага дня супрацьстаяння нашых тэнісістаў і каманды Аўстрыі ў другім двубоі другога кола першай Еўрапейска-Афрыканскай зоны Кубка Дэйвіса. Адразу Ягор Герасімаў перамог Геральда Мэльцэра ў трох сэтах з аднолькавымі 6:3, а затым Ілля Івашка быў мацнейшы за Юргена Мэльцэра 7:6, 6:3, 4:6, 7:6.

Аўтагонкі

Густы туман і дрэнныя ўмовы надвор’я не дазволілі правесці другую частку вольных заездаў напярэдадні другога ў сёлетнім сезоне этапу «Формулы-1» – Гран-пры Кітаю. Медычны верталёт у выпадку неабходнасці не змог бы прызямліцца ля дзяжурнага шпіталю, таму пачатак сесіі давялося адкласці, а пазней і ўвогуле адмяніць.

Хакей

«Атава» ў межах рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі толькі ў серыі булітаў даціснула ў гасцях «Бостан» 2:1. Дзякуючы гэтай вікторыі «Сэнатарз» заваявалі пуцёўку ў плэй-оф Кубка Стэнлі 16-ты раз у сваёй гісторыі і чацвёрты за астатнія шэсць гадоў. Апошні раз «Атава» ўдзельнічала ў накаўт-раундзе ў сезоне 2014-га – 15-га гадоў, калі саступіла ў стартавым коле «Манрэалю» 2:4.