Аб'ектыў 30.06.2016 Агляд спартовых навінаў 30.06.2016


Тэніс

Аляксандра Сасновіч пераадолела першае кола «Ўімблдану». Матч беларускі ды францужанкі Крыстыны Младэнавіч быў адкладзены на суткі з-за дажджу, а сёння Сасновіч перамагла ў двух сэтах з аднолькавымі 6:3. Крочыць далей і полька Агнешка Радваньска, якая была мацнейшая за ўкраінку Кацярыну Казлову.

У мужчынаў без праблем пакуль рухаецца па турнірнай сетцы першая ракетка свету Новак Джокавіч. У другім коле серб нанёс паразу французу Адрыяну Маннарына. Роджэр Фэдэрар таксама без праблемаў перакрочыў другі раўнд турніру. Пад раздачу швейцарца трапіў брытанец Маркус Ўіліс, які амаль за паўтары гадзіны капітуляваў у трох сэтах.

Футбол

Пасля невялікага перапынку футбольнае «Еўра» выходзіць на фінішную прамую. На першынстве засталося згуляць толькі 7 матчаў, і тады стане вядомы ўладальнік галоўнага трафею. Сёння ўвечары першы матч чвэрцьфінальнай стадыі, у якім у Марселі сустракаюцца каманды Польшчы і Партугаліі. Шмат для каго – гэта супрацьстаянне дзвюх зорак: Робэрта Левандоўскага і Крыштыяну Раналду. Аднак лідар «бяла-чырвоных» і лепшы бамбардзір Бундэслігі ў Францыі пакуль не такія прыкметныя, як спадзяваліся заўзятары, і яшчэ не забілі ніводнага голу. Абслугоўваць сустрэчу будзе нямецкая брыгада рэферы на чале з Фэліксам Брухам, пачатак а 22-ой гадзіне.

Ралі

Пасля таго, як «Ралі Сардыніі» стала адным з самых павольных этапаў календара чэмпіянату свету, надыходзіць час для дзвюх ультрахуткіх гонак, якія гэтак любяць рэйсэры. У першую чаргу гаворка пра «Ралі Польшчы», якое адбудзецца ў найбліжэйшы ўікэнд у горадзе Мікалайкі. Ужо ўсе каманды на Мазурах і чакаюць старту. Фаварыт на перамогу, вядома, Сэбаст’ен Аж’е на «ФольксвАгене», які на двух папярэдніх польскіх ралі зрабіў дубль.

Фота – scoopnest.com

Глядзі таксама
Каментары