Агляд спартовых навінаў 21.01.2017


Гандбол

Выходзячы на гэты двубой, калектыў Шаўцова ўжо ведаў вынік сустрэчы Чылі – Саудаўская Аравія. Менавіта саўдыты дапамаглі беларусам, у тэм сэнсе, што нанеслі паразу чылійцам 26:25, а гэта азначала, што нам для выхаду ў накаўт-раўнд дастаткова было згуляць унічыю з вугорцамі. У хадзе гэтага матчу каманды паказалі атакоўны гандбол, па чарзе вялі ў ліку. Аднак канец удаўся на ўсе 100 адсоткаў беларусам, якія ў выніку і перамаглі 27:25. У нас самымі выніковымі сталіся ветэраны зборнай: Іван Броўка і Барыс Пухоўскі, якія закінулі па 6 мячоў. Гэтая вікторыя не толькі адкрыла беларусам дзверы ў плэй-оф, а нават вывела іх туды з трэцяга месца. У выніку ў 1/8 фіналу мы пазмагаемся з камандаю Швецыі. Гэты двубой запланаваны ўжо на заўтра, пачатак а 18-ай гадзіне беларускага часу. На мінулым сусветным першынстве, якое праходзіла ў Катары ў 2015-ым, мы не здолелі выйсці з групы, заняўшы выніковае 18-ае месца.

Тэніс

Нядоўгім апынуўся шлях па турнірнай лесвіцы парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе Максіма Мірнага і Трыта Г’юі. У 1/6 фіналу беларуска-філіпінскі дуэт не знайшоў аргументаў супраць гаспадароў кортаў Сэма Грота і Крыса Гучёнэ, саступіўшы ў трох сэтах з лікам 4:6, 7:6, 6:4. Цяпер Мірны працягне выступ у міксце. У першым коле разам з кітаянкай Чань Хаў Чын, яны згуляюць супраць Дарыі Юрак (Харватыя) / Жан-ЖульЕна РОера (Нідэрланды).

У мужчынскім адзіночным разрадзе цікавым стаўся двубой паміж 9-аю ракеткаю свету Рафаэлем Надалем і прадстаўніком Нямеччыны Міхаілам Зверавым, які ў рэйтынгу ATP займае 24-ты радок. Для выяўлення пераможцы спартоўцы правялі на корце ажно чатыры гадзіны і 5 хвілінаў, згулялі максімальныя 5 сэтаў, а перамога ў выніку дасталася іспанцу – 4:6, 6: 3, 6:7, 6: 3, 6:2. Статыстыка Надаля – выканаў 11 эйсаў, чатыры разы памыліўся пры падачы ды зрэалізаваў 5 брэйк-пойнтаў. У наступным коле Рафаэль згуляе з французам Гаэлем Манфісам. У жаночым адзіночным разрадзе ў 1/8 фіналу прабілася пятая ракетка свету Караліна Плішкава. У трэцім коле «мэйджару» чэшка перамагла 4:6, 6:0, 10:8 латвійку Алену Астапенку, якая ў рэйтынгу WTA на 38-ым радку. У наступным раўндзе Плішкава згуляе з гаспадыняю кортаў Дар’яй Гаўрылавай.

Біятлон

Чарговы дзень спаборніцтваў на этапе Кубка свету па біятлоне ў італьянскім Антгольцы быў прэзентаваны дзвюма гонкамі. Сёння за медалі змагаліся як мужчыны, гэтак і прыгожая палова. Адразу на трасе ў масавым старце наймацнейшую высвятлялі жанчыны.

І гэтая гонка адразу паднесла неспадзяванку. Немка Надынэ Горхлер прайшла дыстанцыю 12 з паловаю кіламетраў за 36 хвілінаў і 11 секундаў, была дакладная на ўсіх чатырох лініях агню і ў выніку фінішавала першая. Другі радок – у ейнай суайчынніцы Ляўры Дальмаер, замкнула тройку Габрыела Коўкалава з Чэхіі. Нашую краіну ў гэтай гонцы рэпрэзентоўвала толькі Надзея Скардзіна. Беларуска толькі пры першым заходзе на стрэльбішча не закрыла адзінай талеркі мішэні, аднак праз марудную хаду па дыстанцыі здавольвалася толькі 23-ім месцам. Таксама сёння пасля невялікага перапынку мужчынская палова высвятляла найлепшых у эстафетнай гонцы. У драматычнай развязцы золата заваявала каманда Нямеччыны, усяго адну дзясятую ёй саступіла дружына Нарвегіі, трэці радок у расяянаў. Беларуская зборная ў складзе Бачарнікава, Вераб’я, Абашава і Чапеліна скарысталася 13-цю дадатковымі патронамі, у дадатак зарабіла адно штрафное кола і з адставаннем ад лідараў на амаль чатыры з паловаю хвіліны фінішавала на 17-ай.