Агляд спартовых навінаў


Хакей

ХК «Дынама» (Менск) працягвае шакаваць сваіх заўзятараў. Здавалася б, што пасля валявой перамогі над магнітагорскім «Металургам» 5:3, псіхалагічны стан нашых гульцоў пайшоў угору і можна чакаць чарговых вікторыяў. Аднак замест гэтага ўжо зазналі дзве запар паразы.

Спачатку няўдала «зубры» пачалі сваё чарговае выязное турнэ ў «Астане», дзе без варыянтаў саступілі мясцоваму «Барысу» 1:4. Сёння нас ужо чакаў Новасібірск і новыя эмоцыі, аднак яны па-ранейшаму засталіся адмоўныя. У першым перыядзе гульні з «Сібірру» гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі. На пачатку другой дваццаціхвілінкі Навумаў робіць лік 1:0 на карысць гаспадароў, а праз сем хвілінаў яго падвоіў Закрысан. «Дынама» вялікімі намаганнямі толькі за паўтары хвіліны да фінальнае сірэны здолела закінуць шайбу прэстыжу, яе аўтар – Андрэй Сцяпанаў. У турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі «бела-блакітныя» з 14-цю баламі займаюць 11-ты радок, а свой наступны матч гасцявога турнэ мы правядзём у панядзелак у Ханты-Мансійску супраць «Югры».

Футбол

Дэрбі двух «дынамаўскіх» клубаў, якое ядбылося ў горадзе над Бугам, не прынесла станоўчых эмоцыяў гасцям, чаго не скажаш пра мясцовых заўзятараў. Казка менскага «Дынама», якое перамагала на працягу сямі двубоеў запар скончылася, і Сяргей Гурэнка і кампанія зазналі паразу 0:1.

Сёння свае матчы правялі бліжэйшыя пераследнікі менскага «Дынама»: салігорскі «Шахцёр» на сваім полі быў мацнейшы за «Іслач» і ўзначаліў турнірную табліцу першынства. БАТЭ дома паздзекаваўся са «Слуцку» – 6:0. Каментары пасля гульні з матчу ў Барысаве ў заўтрашнім спартовым аглядзе «Аб’ектыву».

Тэніс

Шостая ракетка свету Каралінэ Вазняцкі сталася ўдзельніцаю галоўнага старту турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі «Pacific Open». Спаборніцтвы адбываюцца на адкрытых гардаўскіх кортах у Токіа, а прызавы фонд складае $ 980 тыс.

У ½ фіналу датчанцы супрацьстаяла лідарка планетарнага рэйтынгу іспанка Гарбінне Мугуруса. Аднак прадстаўніца Пірэнэяў не толькі не здолела пацвердзіць статусу найлепшай тэнісісткі свету на гэты час, але яшчэ і была разгромленая. Першы сэт застаўся за Вазняцкі 6:2, а другую партыю Каралінэ выгуляла падчыстую 6:0. Усяго за гадзіну, што працягвалася сустрэча, датчанка зрабіла тры эйсы, выканала 6 брэйкаў і толькі аднойчы памылілася пры падачы. Лік у асабістых супрацьстаяннях спартовак стаўся нічыйны 3:3. За ганаровы трафей Вазняцкі пазмагаецца з расяянкаю Анастасіяй Паўлючэнкавай, якая ў паўфінале перамагла немку Анжэлік Кербэр 6:0, 6:7, 6:4.

Валейбол

Жаночая валейбольная зборная Беларусі працягвае свой выступ на Чэмпіянаце Еўропы, які на дваіх прымаюць Грузія і Азербайджан. Пасля валявой перамогі ў першым матчы над харваткамі 3:2, сёння дружына Пятра Хілько супрацьстаяла моцным італьянкам. У выніку нашыя дзяўчаты саступілі ўсухую 0:3. Апошні свой матч групавога этапу беларускі правядуць ужо заўтра супраць гаспадынь пляцоўкі, каманды Грузіі.