Агляд спартовых навінаў


Футбол

Цягам чатырох дзён гуляецца 21 тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе.

«Гомель» праз аўтагол абаронцы са Славаччыны Лукаша Тэсака з перадачы ягонага гасцявога калегі па амплуа, серба, Ныколы Лековіча саступіў менскаму «Дынама» на сваім полі 0:1 і пераможцы замацавалася на першым месцы. Салігорскі «Шацёр» усцяж адстае на два пункты, адолеўшы «Крумкачоў» з лікам 2:0. Яшчэ на тую ж адлегласць далей БАТЭ, які на сваім полі атрымаў суботнюю перамогу над мазырскаю «Славіяй» – 2:0.

Хакей

Менскае «Дынама» не дагнала «тарпедаўцаў» Ніжняга Ноўгараду ў сваім восьмым матчы новага сезону чэмпіянату кантынентальнай хакейнай лігі і пацярпела сёмую паразу – 1:2.

Паводле галоўнага трэнера Гордзі Дўаера, зноў знікла ўпэўненасць пры заканчэнні атакаў пасля пробліскаў прадуктыўнасці ў папярэдняй гульні з «Сочы». А Раман Дзюкаў прызнаецца, што каманда ўсцяж не можа разабрацца, чаго ж не стае пры заканчэнні атакаў. 11 верасня «дынамаўцы» прымуць амаль такога ж, толькі ўсходняга небараку – чэлябінскі «Трактар».

Баскетбол

На чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод мужчынскіх камандаў, які пераехаў выключна ў стамбульскі «Sinan Erdem Sports Hall», вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты.

Натхнёная гульня 18-ці гадовага і двухметровага абаронцы мадрыдскага «Рэалу» Лукі Дончыча прынесла пераканальную перамогу Славеніі над Украінаю з яе 18-цю стратамі мяча – 79:55. Нямеччына адолела былога «бронзавага прызёра» і пазамінулага чэмпіёна Францыю 84:81. І Фінляндыя была слабейшая за Італію.

Тэніс

Фіналістамі Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе ў мужчынскім індывідуальным турніры сталі вышэйшыя ў рэйтынгу атлеты.

Паўднёва-афрыканец Кевін Андэрсан у свой 31-шы год упершыню выйшаў у вырашальны двубой турніру «Вялікага шлема». Прагуляўшы першы сэта на пяць гадоў маладзейшайшаму Паблё Карэннё Буста з Іспаніі, тры наступныя ўзяў у цэлым надзейна – 7:5, 6:3, 6:4. І «кароль грунту» Рафаэль Надаль з Іспаніі саступіў у стартавай партыі Хуану Марціну дэль Потра з Аргентыны, але затым дамінаваў – 6:0, 6:3, 6:2.