Агляд спартовых навінаў


Біятлон

Мужчынскаю эстафетнаю гонкаю працягнуўся сёння чэмпіянат свету па біятлоне ў аўстрыйскім Гохфільцэне. Сярод дваццаці шасці камандаў значыўся і квартэт беларусаў, які паводле традыцыі фінішуе тады, калі лідары ўжо п’юць гарбату.

Аднак гэта, мабыць, пакуль найлепшыя лыжнікі са стрэльбаю, што ў нас ёсць на гэты момант, таму ўспрымаць даводзіцца і такія іхныя вынікі. Беларусы Уладзімір Чапелін, Максім Варабей, Дзмітрый Абашаў і Сяргей Бачарнікаў жахліва праехалі эстафету: скарысталіся дванацаццю дадатковымі патронамі ды яшчэ пры гэтым умудрыліся зарабіць 4 штрафныя колы. На фінішы мы адсталі ад пераможцаў, расейскай каманды, на 5 хвілінаў і 40 секундаў. З такім вынікамі патрэбна цэлы год трэнавацца ў Раўбічах, а не праядаць бюджэт у Гохфільцэне.

Гарналыжны спорт

Застаемся ў зімовых відах спорту і перанясемся ў швейцарскі Санкт-Морыцэ. Перадапошні камплект узнагародаў разгулялі на чэмпіянаце свету па гарналыжным спорце.

Галоўная інтрыга сённяшняга слалама, як і любога старту ў гэтай дысцыпліне ў жанчын у апошнія гады, была толькі ў тым, ці зможа хтосьці спыніць Майкейла Шыфрын. Прычым, апошнія старты перад планетарным першынством дазвалялі на гэта спадзявацца – амерыканка выглядала крыху слабейшая, чымся раней. Аднак у выніку ніякай барацьбы не атрымалася. Шыфрын захапіла лідарства пасля першай спробы, а пасля другой давяла справу да разгрому – больш чым 1,5 секунды перавагі над найбліжэйшаю суперніцай.

Хакей

Матчам супраць казанскага «Ак Барсу» сталічнае «Дынама» скончыла рэгулярны сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе. Сёння на «Менск-арэне» адбылася цікавая гульня, аднак «бела-блакітныя» у выніку капітулявалі перад супернікам 3:4.