Агляд спартовых навінаў


Хакей

Гарадзенскі «Нёман» зазнаў паразу на групавым этапе хакейнай Лігі чэмпіёнаў. На сваёй пляцоўцы Сяргей Пушкоў і кампанія саступілі швейцарскаму «Цугу» 2:3. Наш клуб выгуляў першы і трэці перыяд з аднолькавым лікам 1:0, аднак у другой дваццаціхвілінцы прапусціў тры безадказныя шайбы. У другім матчы групы «С» фінская «Ювяскюля» перамагла аўстрыйскую «Вэна Кэпіталз» 4:1. Турнірную табліцу аднаасобна ўзначальваюць фіны, а свой наступны матч у Лізе чэмпіёнаў «Нёман» правядзе 31-га жніўня супраць «Цугу».

Футбол

Трыма сустрэчамі скончыўся 20-ты тур футбольнага першынства краіны ў эліце. Безумоўна, галоўным яго супрацьстаяннем быў двубой у Салігорску, дзе мясцовы «Шахцёр» прымаў БАТЭ. Гаспадары цалкам правалілі матч і былі разгромленыя з непрыстойнымі 4:0. Асечкай «Шахцёра» скарысталася менскае «Дынама», якое ўдома перамагло «Гарадзею», 4:2, і выйшла на першы радок турнірнай табліцы, маючы 46 балаў. У гарнякоў засталося 44 пункты, і ў іх другі радок, замыкае тройку наймацнейшых БАТЭ. Яшчэ ў адным матчы гульнявога дня «Славія» на сваім полі зазнала паразу ад берасцейскага «Дынама», 1:2.


У нямецкай Бундэслізе скончыўся толькі другі тур, у апошні дзень якога былі згуляныя два матчы. «Лейпцыг» удома прымаў «Фрайбург» і не пакінуў апаненту шанцаў на перамогу. Гаспадары зрабілі выніковыя лічбы 4:1 на сваю карысць, а галамі вызначыліся двойчы Вэрнэр, Орбан і Брума. «Шальке» ў гасцях зазнала паразу 0:1 ад «Гановэру». У турнірнай табліцы адразу па 6 балаў набралі 4 каманды – «Барусія» з Дортмунду, «Баварыя», «Гамбург» і «Гановэр».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: hcneman.by