Аб'ектыў 29.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Вызначыліся ўдзельнікі паўфінальнай стадыі турніру тэнісістаў прафесіяналаў, які прымае Гамбург. У ¼ фіналу немец Філіп Кольшрайбэр, 58-ая ракетка свету, сустракаўся з аргентынцам Нікалясам Кікерам, які ў планетарным табелі аб рангах у канцы першай сотні. Стартавы сэт выдаўся напружаны, пацверджанне таму – тайбрэйк, якім ён скончыўся, а з лікам 7:6 перамог немец. Другая партыя ўжо прайшла пад дыктоўку аргентынца, якую ён запісаў у свой актыў – 6:4. У трэцім, вырашальным сэце Філіп вярнуў гульню пад свой кантроль і перамог з такім жа лікам – 6:4. За дзве гадзіны і 36 хвілінаў, што працягвалася сустрэча, Кольшрайбэр зрабіў 6 эйсаў, выканаў 5 брэйкаў і пры падачы памыліўся толькі аднойчы. За выхад у галоўны старт турніру Кольшрайбэр пазмагаецца са сваім суайчыннікам Флёр’янам Маерам. Апошні ў чвэрцьфінале за адну гадзіну і 43 хвіліны расправіўся з аргентынцам Дега Шварцманам – 6:2, 2:6, 6:3. Раней гэтыя супернікі адзін з адным не гулялі.

Яшчэ ў адным паўфінале сыдуцца Фэдэрыка Дэльбоніс і Леанарда Маер.

Хакей

Сталічнае «Дынама» задаволілася толькі пятым радком на першым міжнародным турніры «Кубак Менску». У матчы за гэтае месца «зубры» сустракаліся са сваімі аднаклубнікамі з Рыгі. Калі паглядзець статыстыку сустрэчаў гэтых апанентаў у Кантынентальнай хакейнай лізе, то ўбачым, што двубоі заўжды мелі прынцыповы характар і праходзілі ва ўпартай барацьбе. Цяпер мы на лёдзе ўбачылі тое самае, хоць канчатковы вынік 4:0 на карысць нашага «Дынама» пра гэта не сведчыць. У першым перыядзе закінутых шайбаў гледачы не ўбачылі. А ўжо пасля перапынку «зубры» адразу адгрузілі апаненту тры безадказныя шайбы, а іх аўтарамі сталі Ягор Шаранговіч, Яўген Лісавец і Дзмітрый Карабань. У заключнай трэці кропку ў матчы паставіў дакладны кідок Дзмітрыя Амбражэйчыка. Што датычыць барацьбы за першае месца, то за ганаровы трафей сыдуцца яраслаўскі «Лакаматыў» і маскоўскае «Дынама».

Футбол

Сапраўдныя заўзятары гульні нумар адзін у свеце не прапусцяць матчу, які пачнецца ўначы на палову другой паводле беларускага часу, паміж непрымірымымі супернікамі – каталонскай «Барсэлонай» і мадрыдскім «Рэалам». Чарговае Эль-Класіка можна будзе назіраць у межах міжнароднага турніру Кубак чэмпіёнаў, які праходзіць у Злучаных Штатах Амерыкі. У міжсезонні «вяршковых» пакінулі Хамэс Радрыгес, ПэпэФаб’ё Коэтраў і А́львара Марата, пры гэтым мадрыдцы падпісалі Тэо Эрнандэса і Даньеля Сэбаллёса. Адзначу, што каралеўскі клуб адправіўся ў турнэ па Амерыцы без свайго лідара Крыштыяну Раналду, які атрымаў адпачынак пасля Кубка Канфедэрацыяў. У «сіне-гранатавых» таксама ёсць мінімальныя змены ў складзе, аднак паўплываць на агульны малюнак гульні клубу яны не здолеюць. «Барса» ўжо правяла два матчы ў межах гэтага турніру ў якіх атрымала перамогі: спачатку над турынскім «Ювэнтусам» 2:1, а пазней над «Манчэстэр Юнайтэд» 1:0, а ўсе галы за каталонцаў забіў Нэймар. «Рэал» свае два матчы прагуляў: з буйным лікам 1:4 ад «Манчэстэр Сіці» і па пенальці саступіў яшчэ аднаму клубу з Манчэстэру, але ўжо «Юнайтэд».

Глядзі таксама
Каментары