Аб'ектыў 28.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Сталі вядомыя чвэрцьфінальныя пары футбольнага Кубка Беларусі. Адпаведна лёсаванню, якое сёння адбылося ў Доме футболу, дзейны ўладальнік ганаровага трафею, берасцейскае «Дынама» на гэтай стадыі паспрачаецца са «Слуцкам». «Крумкачы», якія ўпершыню ў гісторыі згуляюць на гэтым этапе, у супернікі атрымалі гарадзенскі «Нёман». «Шахцёру» будзе супрацьстаяць магілёўскі «Дняпро», а апанент «Іслачы» вызначыцца ў матчы 1/8 фіналу паміж БАТЭ і жодзінскім клубам «Тарпеда-БелАЗ». Чвэрцьфінальныя сустрэчы адбудуцца ў сакавіку наступнага года і будуць ужо складацца з двух матчаў (удома і ў гасцях).


Даволі нечаканаю сухою паразаю скончыўся першы матч з удзелам менскага «Дынама» ў трэцім раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы. У гасцях Сяргей Гурэнка і кампанія саступілі кіпрскаму клубу «АЭК» 0:2. Падчас сустрэчы было вельмі спякотнае надвор’е, але абедзве каманды былі ў роўных умовах.


Барысаўскі БАТЭ спыніў супрацу з адным са сваіх легіянераў. Працоўнае пагадненне паміж клубам і абаронцам Каспарсам Дубрам скасавалі на згоду бакоў. Латвійскі футбаліст трапіў у шэрагі барысаўцаў у лютым 2015-га года і да гэтага часу правёў за БАТЭ 42 матчы, у якіх забіў 5 мячоў ды вызначыўся адною галявою перадачаю. У паслужным спісе Каспара падчас выступу за «жоўта-блакітных» значацца: дзве перамогі ў чэмпіянаце краіны, дзве вікторыі ў Суперкубку Беларусі і адзін раз выгульваў Кубак краіны. Большую частку сёлетняга сезону Дубра прапусціў праз траўму, згуляўшы толькі ў чатырох двубоях.

Тэніс

Філіп Кольшрайбэр выйшаў у ¼ фіналу тэніснага турніру ў Гамбурзе. Гаспадар грунтовых кортаў, 58-ая ракетка свету, нанёс паразу 6:3, 3:6, 6:2 французу Жылю Сімону, які ў планетарным рэйтынгу – на 39-ым радку. За выхад у паўфінал турніру Кольшрайбэр згуляе з аргентынцам Нікаласам Кікерам. Тым часам ужо вядомы ўдзельнік і паўфінальнае стадыі. Ім стаўся прадстаўнік Аргентыны Фэдэрыко Дэльбоніс, які здолеў зламаць супраціў расяяніна Карэна Хачанава, лік па сэтах 7:5, 3:6, 6:4.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: abff.by

Глядзі таксама
Каментары