Агляд спартовых навінаў


Футбол

Барысаўскі БАТЭ з паразы стартаваў у трэцім кваліфікацыйным раўндзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У гасцях калектыў Ермаковіча сустракаўся з пражскай «Славіяй». Чакалася, што гульня пачнецца з моцнага ціску гаспадароў, гэтак і адбылося. Канчатковы лік 1:0 у такой сітуацыі можна лічыць нядрэнным. Матч у адказ адбудзецца другога жніўня на «Барысаў-Арэне».


На гэтай жа стадыі кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў маскоўскі ЦСКА, галоўны трэнер якога, наш Віктар Ганчарэнка, парадаваў сваіх заўзятараў выдатным вынікам, упэўнена перагуляўшы у Афінах мясцовы «АЕК».

Тэніс

На грунтовых кортах Гамбургу працягваецца турнір Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, прызавыя якога складаюць Eur 1,5 млн. Першае яго кола стала непераадольным для Андрэя Рублёва. Расяянін, 49-ая ракетка свету, у двух сэтах – 3:6, 1:6 – саступіў немцу Філіпу Кольшрайбэру, які ў планетарным спісе на 58-ым радку. У другім коле Філіп згуляе з французам Жылем Сімонам, які не пусціў далей гаспадара кортаў Максімільяна Мартэрэра – 6:2, 4:6, 6:4.


Непрыемная навіна для заўзятараў легенды сусветнага тэнісу Новака Джокавіча. Серб, чацвёртая ракетка свету, вырашыў датэрмінова скончыць сёлетні сезон. 12-разовы пераможца турніраў серыі «Вялікага шлема» Новак сёння паведаміў, што не выйдзе больш на корт сёлета. Прычына – праблемы з правым локцем, якія прымусілі яго скончыць барацьбу ў чвэрцьфінале «Ўімблдану». Паводле Джокавіча, траўма, якая яго турбуе апошнія паўтары гады, абвастрылася ў апошнія месяцы і цяпер патрабуе ў першую чаргу спакою. Пасля кансультацыяў са шматлікімі адмыслоўцамі ён вырашыў узяць перапынак.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: SK Slavia Praha