Аб'ектыў 24.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Сталі вядомыя яшчэ 4 клубы, якія прабіліся ў чвэрцьфінал футбольнага кубка краіны. Нечакана пуцёўку туды атрымаў магілёўскі «Дняпро», які яшчэ і ў гасцях сенсацыйна перамог менскае «Дынама» 1:0. Дзейны ўладальнік кубка Беларусі «Дынама», але ўжо берасцейскае, перагуляла на сваім полі «Гомель» 2:1.

Таксама на стадыі ¼ мы ўбачым: салігорскага «Шахцёра» – гарнякі разграмілі «Оршу» 6:0 – і «Слуцк», які толькі ў серыі пенальці даціснуў «Віцебск» 4:2.

Валейбол

Мужчынская валейбольная зборная нашай краіны не здолела атрымаць пуцёўку ў фінальны раўнд чэмпіянату свету – 2018. У заключным матчы кваліфікацыі, які праходзіў у Бельгіі, Сінгаеўскі і кампанія ўсухую 0:3 саступілі Нямеччыне, і гэта сталася пятай паразай беларусаў у пяці праведзеных матчах.

У выніку мы занялі апошні радок у нашым секстэце, а першае месца і пуцёўка на Чэмпіянат свету дасталася Бельгіі. Усяго ў планетарным першынстве, якое ў 2018-ым пройдзе на арэнах Італіі і Балгарыі, возьмуць удзел 24 зборныя. Наша каманда за ўсю сваю суверэнную гісторыю яшчэ ні разу не выступала ў кампаніі наймацнейшых калектываў свету.

Роварныя гонкі

Знакамітую шматдзённую роварную гонку «Тур дэ Франс» ужо чацвёрты раз за кар’еру скарыў Крыс Фрум. 32-гадовы брытанскі рэйсэр, прадстаўнік каманды «Скай», абараніў жоўтую майку лідара мінулага года і трэці раз запар стаўся пераможцам французскага Гранд-туру. Ягоны напарнік са стайні, наш Васіль Кірыенка, у агульным заліку на 112-ым радку. Другая пазіцыя ў агульнай класіфікацыі ў калумбійца Рыгабэрта Урана, замкнуў тройку француз Рамэн Бардэ.

Тэніс

Чарговы рэйтынг ліст абнародавала сёння Жаночая тэнісная асацыяцыя. Адпаведна яму тройка лідарак засталася нязменнай: першы радок у чэшкі Караліны Плішкавай, далей крочаць Сімона Халеп і Анжэлік Кербэр. Найлепшай з беларусак застаецца Аляксандра Сасновіч, якая дадала ў свой спіс 9 балаў і цяпер займае 91-ую пазіцыю.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў лідаруе Эндзі Мары, за ім размясціліся Рафаэль Надаль і Роджэр Фэдэрэр. Беларус Ягор Герасімаў, які напярэдадні выгуляў турнір у Астане, узняўся адразу на 37 пунктаў і цяпер у яго 123-ці радок у сусветнай класіфікацыі.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: fcshakhter.by

Глядзі таксама
Каментары