Аб'ектыў 20.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Валейбол

Нацыянальная мужчынская зборная Беларусі па валейболе з паразы стартавала ў трэцім кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату свету. Нашым суайчыннікам не пашчасціла саступіць Эстоніі – 1:3. Дружына галоўнага трэнера Аляксандра Сінгаеўскага значна знізіла свае шанцы на заваяванне адзінай пуцёўкі на сусветнае першынство, дзе беларусам гуляць раней ніколі не даводзілася.

Футбол

Галоўны трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка вырашыў канчаткова вызначыцца з кірункам працы і аддаў перавагу больш шчыльнай супрацы з нацыянальнаю камандай. А значыць, ён пакідае пасаду галоўнага трэнера жодзінскага клубу «Тарпеда-БелАЗ». Мяркуецца што ўзначальваць аўтазаводцаў пакуль будзе Андрэй Зыгмантовіч, які распачаў трэнерскую кар’еру ў 2001 годзе ў наваполацкім «Нафтане», затым меў практыку ў юнацкай і нацыянальнай зборных Беларусі, сталічных «Дынама» і «МТЗ-РІПА», літоўскім «Каўнасе» ды моладзевай дружыне клубу «Сібір» (Новасібірск). А апошнім часам працаваў на пасадзе спартовага дырэктара жодзінцаў.

Футбольны клуб «Чэлсі» афіцыйна абвесціў на сваім сайце аб магчымым афіцыйным набыцці 24-х гадовага іспанскага форварда Альвара Марата. Але падпісанне дамовы адбудзецца цягам найбліжэйшых дзён. Лонданскі клуб узгодніць з іспанцам умовы асабістага кантракту пасля праходжання навабранцам медычнага абследавання.

Алесь Пуціла,«Белсат», фота: bvf.by

Глядзі таксама
Каментары