Аб'ектыў 19.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Не трэба было быць вялізным патрыётам ці аптымістам, каб прадказаць агульны поспех барысаўскага БАТЭ ў процістаянні другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў УЕФА з армянскім «Алашкертам». Беларуская дружына відавочна пераўзыходзіла суперніка ў якасці сучаснага футболу і магла прагуляць толькі з-за сваёй пасіўнасці, што ў першым двубоі дома прывяло да нічыёй 1:1. Гульня ў адказ прайшла збольшага пад ціскам беларускага чэмпіёна, які і перамог у сталіцы Арменіі з лікам 3:1.


А ў чацвер іншыя нашыя ўдзельнікі еўракубкаў, што засталІся, правядуць двубоі ў адказ Лігі Еўропы УЕФА. Нагадаем, і берасцейскае і менскае «Дынама» выязныя двубоі скончылі ўнічыю з аднолькавым лікам 1:1: гэтак берасцейцы закончылі гульню супраць клубу аўстрыйскай Бундэслігі – «Альтаха» і маюць магчымасць упершыню за сваю гісторыю прабіцца ў трэці раўнд Лігі Еўропы, а сталічная дружына прымае ў чацвер клуб «Работнічкі» з Македоніі. Менчукі правялі ўвечары трэніроўку, а ў першай палове дня адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам галоўнага трэнера каманды Сяргея Гурэнкі.


Паўабаронца клубу «Аль-Сад» Хаві заявіў, што завершыць кар’еру гульца па заканчэнні сезону 2017-2018. Але застанецца ў футболе. Паводле знакамітага іспанскага футбаліста, ён жадае трэнаваць, але пакуль гэтага рабіць не можа, бо, ведаючы методыку, мусіць менавіта навучыцца выкарыстоўваць гэтыя веды.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары