Агляд спартовых навінаў 09.06.2016


Баскетбол

Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе закончыла спарынгавую праграму рыхтавання да Алімпійскага кваліфікацыйнага турніру, які для нашай каманды распачнецца 13 чэрвеня ў французскім Нанце двубоем з дружынаю Нігерыі. Кантрольныя матчы супраць зборнай Польшчы ўдаліся беларускам. Увечары серады галоўны трэнер нацыянальнай дружыны Анатоль Буяльскі вызначыўся з 12 баскетбалісткамі, якія будуць імкнуцца трапіць на другую ў гісторыі зборнай Алімпіяду.

Адзіную Лігу ВТБ пяты раз запар выгуляў маскоўскі ЦСКА, узяўшы шосты тытул агулам. Толькі аднойчы ў камерцыйным турніры выгулялі падмаскоўныя «Хімкі». У фінальнай серыі гэтага сезону армейцы, дзейныя пераможцы Еўралігі, у чатырох двубоях адолелі казанскі УНІКС, узяўшы вырашальны матч на пляцоўцы суперніка 81:74.

Футбол

Зборная Бразіліі разграміла Гаіці на Кубку Амерыкі па футболе – 2016 з лікам 7:1 і ўвайшла ў лік лідараў падгрупы В. Перу згуляў унічыю з Эквадорам 2:2 і таксама мае чатыры набраныя пункты, як і пэнтакампэоны.

Допінгавы скандал

У сераду паказалі фільм нямецкага тэлеканалу «ARD» пра выкарыстанне допінгу ў расейскім спорце. Стужка абвінавачвае ў наўпроставай датычнасці міністра спорту краіны. Віталь Мутко заявіў, што галоўная мэта відэа – бяздоказна абвінаваціць Расею ў сістэматычным падтрыманні ўжывання допінгу.

Фота – by.tribuna.com