Агляд спартовых навінаў 08.09.2016


Баскетбол

Перамога мужчынскай зборнай Беларусі над Партугаліяй у кваліфікацыі ЕЎРА-2017 яшчэ не азначае абуджэння патэнцыялу нашай дружыны і нейкіх акрэсленых перспектываў. Тым больш, у наступным двубоі супраць Эстоніі трэба выгульваць як мінімум 20 пунктаў. Але тое, што каманда ўзяла сваё, прынамсі ў першым коле адбору, вельмі важна.



Ад самага пачатку каманда атрымала задачу гуляць агрэсіўна і пацвердзіла свой імпэт адрывам у 9:0, задаўшы добры тэмп. Праўда, зноў на другую палову выйшлі валяжна, пачалі памыляцца, рабіць паспешлівыя кідкі і супернік пачаў хутка набліжацца. Але гэтым разам выстаялі. А ў суботу, 10 верасня, нашыя хлопцы абяцаюць вельмі гарачы супраціў эстонцам. Польшча ў Любліне перагуляла Эстонію з розніцаю 14 пунктаў – 78:64 і стала аднаасобным лідарам падгрупы D.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб здабыў першую перамогу ў новым сезоне Лігі паўднёва-ўсходняй гандбольнай асацыяцыі.

Лёс гульні супраць «Ізвіджача» берасцейцы вызначылі яшчэ ў першым тайме, выгуляўшы яго з лікам – 19:14. Да фінальнай сірэны перавага БГК дасягнула адзінаццаці мячоў – 40:29. Клуб з гораду ЛюбАшкі праз адзінаццаць гадоў выгуляў чэмпіянат Босніі і замяніў у СЭГА-лізе другую баснійскую каманду – «Борац».



У першым матчы сезона ў Скоп’е БГК згуляў унічыю з найлепшым клубам Македоніі – «Вардарам». 14-га верасня берасцейцам зноў гуляць у Скоп’е, гэтым разам з «Мэталургам». А 18-га верасня прымаем на хатняй пляцоўцы чэмпіёна СЭГА-лігі – вугорскі «Вэспрэм».