Агляд спартовых навінаў 04.07.2016


Футбол

У апошнім чвэрцьфінале футбольнага «Еўра», што адбываецца на палях Францыі, барацьбы не атрымалася. Нашумелыя тут ісландцы былі разгромленыя гаспадарамі турніру 5:2. Такім чынам у першым паўфінале, які адбудзецца ў сераду ў Ліёне, сустрэнуцца каманды Ўэльсу і Партугаліі. На наступны дзень запланаваны другі матч за выхад у галоўны старт, ён адбудзецца ў Марселю, а наймацнейшага выявяць Нямеччына і Францыя.

Чэмпіянат Беларусі па футболе

Двума матчамі прадоўжыўся 15-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе. Менскае «Дынама» на полі сталічнага стадыёну «Трактар» з мінімальнымі 1:0 нанесла паразу мазырскай «Славіі». Тут голам на 64-ай хвіліне вызначыўся Глеб Расадкін. Дзякуючы гэтай вікторыі «бела-блакіныя» узняліся на другі радок турнірнай табліцы першынства і дастаюць ад лідара БАТЭ на 6 балаў, аднак у барысаўцаў яшчэ ёсць двубой у запасе.

Формула 1

Брытанец Льюіс Гэмілтан стаў пераможцам чарговага этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формулы 1» «Гран-пры Аўстрыі». Другім тут фінішаваў Макс Вэрстапэн з «Рэд Булу», трэці радок – у прадстаўніка «Фэрары» Кімі Рэйканэна. Чатырохразовы чэмпіён свету Зэбаст’ян Фэтэль зышоў з дыстанцыі ў сярэдзіне дыстанцыі, калі на ягоным балідзе ўзарвалася кола. У агульным заліку пасля гэтай гонкі абвастрылася інтрыга ў барацьбе за чэмпіёнства. Першынствуе пілот «Мэрсэдэсу» Ніка Росбэрг, на 11 пунктаў адстае ягоны напарнік па стайні Гэмілтан. У кубку канструктараў першая тройка наступная: «Мэрсэдэс», «Фэрары», «Рэд Бул». Наступнае Гран-пры Вялікай Брытаніі, якое пройдзе на трасе ў «Сілвэрстоўне», запланаванае на 10-га ліпеня.

Фота – goal.com