«Адзінае выйсце – галадаваць». Беларусы дамагаюцца сваіх правоў


Адчайны крок – галадоўка, падобна, робіцца ўжо звычайным крокам. Гэткім чынам да сваіх праблемаў спрабуюць прыцягнуць увагу людзі, якія не дамагліся справядлівасці. Дзве жанчыны з Гомля галадуюць ужо больш за тыдзень. Яны дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб распавесці яму пра камунальныя беспарадкі. Але ці захоча кіраўнік краіны іх выслухаць і пачуць?

Дом № 14 на вуліцы Урыцкага ў Гомлі не меў рамонту з часу пабудовы. Электрычнасць знікае, людзі асцерагаюцца пажару. Гаспадары кватэраў прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі, на руках – кілаграмы ліставання з чыноўнікамі, і вось цяпер – адчайны крок. Дзве жыхаркі дому просяць Аляксандра Лукашэнку дапамагчы разабрацца з іхнымі камунальнымі праблемамі. Аксана Філіпенка галадуе ўжо 9-ць дзён.

«Мы вымушаныя былі ехаць у Ельск, каб сустрэцца з памочнікам прэзідэнта па Гомельскай вобласці. Адказу ўвогуле пакуль яшчэ няма. Ён у адпачынку, ён не лічыць патрэбным адказваць. Таму мы бачым адзінае выйсце – галадаць. Бо ніхто не хоча развязваць нашых праблемаў», – кажа галадоўніца Аксана Філіпенка.

Спачатку дом належаў чыгунцы, а пасля перайшоў ва ўласнасць гораду. Мясцовыя ўлады зрабілі з яго інтэрнат. Прыватызаваную ў гэтым доме кватэру галадоўніцы Алены Грынько раённая адміністрацыя праз суд пакінула без кухні, прыбіральні, ваннай і калідору. І патрабуе выкупіць памяшканні за 18 тысячаў 700 беларускіх рублёў.

«Я не буду здавацца, я буду галадаваць, я хачу дабіцца праўды, я не павінная плаціць такія нечуваныя грошы, якія яны прапаноўваюць мне, гэта не мая віна, гэта віна адміністрацыі нашай, што развіваюць гэтыя карупцыйныя схемы», – кажа Алена Грынько, іншая галадоўніца з Гомля.

Алена Грынько трывае без ежы 8-мы дзень. У абедзвюх жанчын пагоршылася здароўе, скача ціск, але спыняць галадавання яны пакуль не збіраюцца. А вось для прадпрымальніка з Віцебску такая акцыя пратэсту скончылася правалам. Ён патрабаваў ад уладаў адрамантаваць памяшканне, якое арандуе для працы ўжо 20 гадоў. Віцебскі гарвыканкам перакладае рамонт на плечы арандатара.

«Вокны ў мяне ў кепскім стане. Зімою вакно ад ветру ўпала на кліента. І гэта сталася апошняю кропляю, што трэба нешта мяняць. Рана ці позна ўпала б ці на мяне, ці на работніка, ці на наведніка», – кажа Анар Іваноў.

10-цідзённае галадаванне мужчына мусіў спыніць праз кепскі стан здароўя. Улады гораду так і не пайшлі насустрач. Ці можа ўвогуле мець эфект індывідуальная галадоўка ў нашай краіне? Сацыёлаг Таццяна Вадалажская настроеная скептычна.

«Гэта адбываецца хвалямі. Звычайна больш ці менш, падзея, якая мае розгалас, а галадоўка – мае розгалас – людзі намагаюцца, каб іх убачылі, пачулі. І калі хоць нейкая рэакцыя на гэта ёсць, то іншыя спрабуюць такім жа метадам ісці. Але сапраўды, вельмі мала эфектыўных галадовак у нас было, і іх фактычна можна пералічыць на пальцах», – кажа сацыёлаг Таццяна Вадалажская.

Іншая рэч – масавыя і самыя адчайныя акцыі пратэсту – напрыклад, удзельніц Руху маці 328. Пра вынікі акцыі пакуль казаць рана, але першы эфект дасягнуты: новы «антынаркатычны» законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў. Слуханні адбудуцца 4-га чэрвеня.

У найноўшай гісторыі Беларусі галадоўкі набываюць усё большы распаўсюд. І калі ў 90-ыя і 2000-ыя гады яны насілі палітычны характар, то цяпер робяцца з’яваю больш асабістаю. На сёння гэта адзіная законная магчымасць звярнуць увагу ўладаў на свае праблемы. Пытанне ж у тым, ці будуць пачутыя праблемы адчайных галадоўнікаў у кабінах, схаваных за цяжкімі дзвярыма ды ўзмоцненай службай аховы.

Таццяна Уласенка