Адвакат дармаедаў: Я буду дапамагаць кожнаму з вас


Замест развязання праблемаў законным шляхам, улады вырашылі запужваннямі збіць пратэставую хвалю. Гэтак праваабаронцы каментуюць выклікі ў міліцыю актывістаў, якія запрашалі беларусаў выйсці на вуліцы і бараніць свае правы. Але, выглядае на тое, што даведзеных да адчаю людзей ужо нічога не спыніць. У нядзелю запланаваная чарговая серыя пратэстаў.

Тысячы людзей у Гомлі ў мінулую нядзелю пратэставалі супраць падатку на дармаедства і патрабавалі тэрміновай адстаўкі Лукашэнкі. Адным з актыўных удзельнікаў акцыі быў праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае адрасатам «лістоў шчасця».

«Мяне ўлада назвала адвакатам дармаедаў. Я з вамі, я тут, я дапамагаў і буду дапамагаць кожнаму з вас!!!», – кажа праваабаронца.

Леаніда Судаленку выклікалі ў гарадское аддзяленне міліцыі

Як выявілася, супраць аднаго з арганізатараў маршу нязгоды пачалі адміністратыўны працэс. Як і можна было прадбачыць, на праваабаронцу склалі адміністратыўны пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

«Я лічу гэта абсалютна незаконным. Я буду гэта аспрэчваць у судзе. Калі спатрэбіцца, нават і ў Камітэце ААН па правах чалавека», – зазначыў спадар Судаленка.

У Гомлі трапляюць пад пераслед іншыя арганізатары пратэстаў

Усіх найбольш відавочных удзельнікаў мітынгу пачалі выклікаць у міліцыю. Пры гэтым людзям нават не дасылаюць позваў.

«Быў званок. Пачалі казаць, што мне трэба прыйсці туды і туды. Я не стаў слухаць, а сказаў, каб дасылалі позву. Я ж не ведаю, хто гэта тэлефанаваў», – тлумачыць вядомы блогер Максім Філіповіч.

Што рабіць, калі выклікалі ў міліцыю?

У Гомлі адбылася сустрэча арганізатараў і ўдзельнікаў шэсця нязгоды з праваабаронцамі. Што рабіць, калі вас намагаюцца зацягнуць у міліцыю і скласці пратакол? Акрамя патрабавання прыслаць позву…

«Я маю права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Свае асабістыя дадзеныя я дам, але сведчыць не буду не аб чым. Усё што я скажу можа павярнуцца супраць мяне», – распавядае спадар Філіповіч.

Нельга згаджацца са зместам пратаколаў. Тыя, хто быў на акцыі, парушальнікамі сябе не лічаць. Маўляў, такое права дае Канстытуцыя. Зрэшты, і арганізатарамі пратэстоўцы не пачуваюцца.

«Не я арганізаваў акцыю, а сам Лукашэнка. Ён перакуліў усю Беларусь з ног на галаву, а сам паехаў катацца на лыжах, замест таго каб застацца і разрульваць сітуацыю», – мяркуе суарганізатар пратэсту Уладзімір Няпомняшчых.

Выклікі ў міліцыю – спроба заблакаваць наступныя акцыі ды сцішыць пратэст

Жыхары Гомля гатовыя на новыя маршы нязгоды.

«Гнеў ён застаецца, незадаволенасць нікуды не сыходзіць. Рызыка для кожнай дзяржавы, што гнеў выльецца ў іншых сферах. Куды прасцей даць людзям выйсці паразмаўляць ды прыслухацца да іх», – даводзіць грамадскі актывіст Віктар Рубцоў.

А ўжо ў найбліжэйшую нядзелю акцыі пратэсту адбудуцца ў іншых гарадах Беларусі. Патрабаваць адмены падатку на дармаедаў будуць а 12-й гадзіне ў Берасці, Віцебску, Баранавічах і Бабруйску.

Ян Бабіцкі, «Белсат»