Адарваныя ад свету вяскоўцы злуюцца, што няма маршрутак


Вёскі Круглае і Аступішча хаваюцца сярод палёў і лясоў за 30 кіламетраў ад Слуцку. Калі прыватныя перавозчыкі прыпынілі сваю працу, іншых рэгулярных маршрутаў каля вёсак не засталося. Без транспартнага злучэння жыхары з цяжкасцю вырашаюць нават элементарныя пытанні.

«Пенсію атрымаць трэба, дык званю брату, каб брат прыехаў ды звазіў. Так на чым жа я дабяруся?».

«Няма нічога, папуткі, усё роўна галасуем. Дабіраемся вось так. Аўтобусы не ходзяць».

«Што ж я магу сказаць таму чалавеку, які не пусціў гэтыя машыны? Каб ён на маім месцы пажыў. У каго хапіла розуму?»,

– абураюцца вяскоўцы.

Вёскі вымруць без маршрутак?

Жана Акенчыц займаецца хатняй гаспадаркай, бо працы на раёне для яе няма. Яе мужу пашчасціла знайсці працу ў Слуцку. Раней дарога да райцэнтру займала менш за гадзіну, цяпер – каля чатырох. Калі сітуацыя з транспартам у хуткім часе не зменіцца, уся сям’я будзе вымушаная змяніць месца жыхарства.

«Буду прасіць іспалком прадставіць жыллё бліжэй да гораду, перасяліць. Тут жыць немагчыма. Гэта адзіная нітачка, якая звязвала нас са светам – маршрутка», – тлумачыць Жана.

Другой нітачкай мог бы зрабіцца рэгулярны аўтобус

Нават існуе прыпынак за трыста метраў ад Круглага, але, са словаў жыхароў, ужо каля сямі гадоў па гэтай трасе не ходзіць ніводзін аўтобус.

Цяпер, каб трапіць на рэйсавы аўтобус, жыхары вёсак вымушаныя рабіць выбар, як той казачны герой: налева пойдзеш – чатыры з паловаю кіламетры будзеш мясіць снег да бліжэйшага прыпынку ў вёсцы Кучына, направа – амаль столькі ж дабірацца да вёскі Рабак, а напрасткі – ажно 10 кіламетраў да вёскі Сорагі.

Пакуль аўтобусны прыпынак застаецца пусты, вяскоўцы дабіраюцца да райцэнтру на спадарожных машынах або просяць падвезці суседзяў.

Мацнейшыя ідуць кіламетры да аўтобуса

«Я дазванілася ў аўтобусны парк з просьбай. Бо тут трэба праз лес праходзіць па нячышчанай дарозе 4-5 кіламетраў. Мне гэта не па сілах. Муж мой які пасля запалення кожныя два месяцы ляжыць у Бараўлянах, гэта робіць з цяжкасцю. Але паўсюль: «штосьці прымем, штосьці вырашым». І вось гэта вырашым ужо два тыдні. Мы нікому тут непатрэбныя», – наракае спадарыня Акенчыц.

Калі вырашыцца сітуацыя з рэгулярным транспартам, дагэтуль невядома.

Таццяна Белашова, «Белсат»