Аб'ектыў 12.10.2018 «Абласны цэнтр завешаны расейскімі трыкалорамі, а Лукашэнка называе горад у сваёй краіне расейскім»


Усмешкі і прызнанні ў сяброўстве. Лукашэнка прымае Пуціна ў Магілёве і запрашае як дадому. Хаця асабістая сустрэча кіраўнікоў пацягнула на лічбу дня (20 хвілінаў – у плане, па факце – 50), але паспеў кіраўнік сказаць і такое, што ўзбударажыла беларусаў: Магілёўшчына, паводле Лукашэнкі, амаль «расейская зямля», абласны ж цэнтр больш расейскі, чым беларускі.

І надвор’е, і сустрэча кіраўнікоў Расеі ды Беларусі – цёплыя. Прыбыццё на форум у адным аўце. А месцамі градус павысіўся да таго, што і Магілёў, і Магілёўшчыну Лукашэнка назваў расейскімі. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы пачуваецеся як у сябе дома на гэтым шматку, можна сказаць, расейскай зямлі. Гэта такі горад, я б нават сказаў, больш расейскі, чым беларускі. Гэта ўсход Беларусі».

Што праўда, з афіцыйнага відэа на старонцы прэзідэнта менавіта гэты фрагмент, які прыцягнуў найбольш увагі, выразалі. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я з задавальненнем вітаю вас тут, на Магілёўскай зямлі, заўсёды радыя вас бачыць тут, таму шмат што зробленае да гэтага форуму. Прыязджайце ў любы час».

Гаворка перад камерамі пра ўзаемную карысць ад Пятага Форуму рэгіёнаў і паглыблення супрацы. Нічога новага і без канкрэтыкі. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Беларускі кіраўнік мусіць чакаць, мусіць нешта выпрошваць. І вось самімі гэтымі паводзінамі, гэтым стылем царскім Масква, расейскі кіраўнік падкрэслівае, хто ёсць хто. І тым самым між волі дэманструе, што ўсе гэтыя словы пра раўнапраўную братнюю інтэграцыю – гэта пусты гук».

Прынамсі жыхары Магілёва адчулі змены ў горадзе: прыбрана, упарадкавана, пабудавана і дабудавана. Што заўважыў і Уладзімір Пуцін. Хаця прыгажосць і каштавала бюджэту.

Жыхары Магілёва:

«Горад проста стаў прыгожы, урачысты – гэта адчуваецца паўсюль».

«Заключаць дамовы, падвысіцца ўзровень жыцця народу».

«Дрэннага пакуль нічога не бачу. Таму прыгожа ў горадзе, чыста, добра – гэта ўжо плюс».

Але калі абласны цэнтр завешаны расейскімі трыкалорамі, а кіраўнік называе горад у сваёй краіне і рэгіён расейскімі, паўстае пытанне пра незалежнасць.

Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Абараніць Беларусь можа толькі Гасподзь Бог і беларускі народ. Калі беларусы гатовыя абараняць незалежнасць, ім зараз трэба рыхтавацца як партызанскай нацыі. Трэба мець на ўвазе, што гэта не жарты. І прыклад Украіны паказвае, наколькі рэальная расейская агрэсія».

Хаця яшчэ перад візітам Уладзіміра Пуціна кіраўнік падкрэсліваў на сустрэчы з расейскім амбасадарам Міхаілам Бабічам. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (10.10.2018):

«Непарушна адно, і вы гэта ведаеце: мы суверэнная і незалежная краіна».

А нейкае ўліванне ў склад Расеі кіраўнік называе абсурдным. Адразу ж пасля гэтага Расея заявіла пра забарону на нафтапрадукты ў Беларусь да канца 2019 года. Некаторыя эксперты назвалі гэта аплявушынаю Лукашэнку, які сёння ўжо быў салодкі. А пасля абеду віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка паведаміў, што пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў налета вырастуць на дзесяць адсоткаў.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Мы не ведаем, што саступае пры гэтым беларускі бок, таму што перамовы непразрыстыя, перамовы закулісныя пераважна, і застаецца толькі гадаць, што: актывы, газаразмеркавальную сетку, размяшчэнне вайсковай базы расейскай… Пакуль што мы гэтага не ведаем, але Крэмль там не такія філантропы, каб за так даваць нейкія субсідыі, крэдыты і гэтак далей».

Старшыня ж Савету Федэрацыі Валянціна Матвіенка заклікае да супрацы з анексаваным Крымам і Севастопалем. І гэта пры спробах афіцыйнага Менску трымацца збоку ў справе Украіны. Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Заклікі Матвіенкі – гэта цяпер сутнасць больш настойлівай расейскай палітыкі не проста прывязаць Беларусь, а паставіць яе на калені і фактычна абарваць усе стасункі з Захадам. Усё гэта мы цудоўна разумеем. Супраца з Крымам азначае бан з боку Украіны і бан з боку Захаду».

А гэта тое, чаго дамагаецца Масква. Пытанне – якім коштам?

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары