Адкрыццё выставы «Праўда пра Курапаты», якая месціцца ў менскім Палацы мастацтваў і прысвечаная гісторыі сумнавядомага ўрочышча – бадай найбольш мірная з сённяшніх падзеяў вакол месца сталінскіх масавых расстрэлаў. Чарговы дзень змагання за нацыянальную памяць – і зноў правакацыі і збіццё актывістаў.
Не зважаючы на надвор’е, супрацьстаянне напаляецца амаль кожную хвіліну. Грамадскія актывісты, якія пратэстуюць супраць узвядзення бізнес-цэнтру на ўскрайку ўрочышча Курапаты, літаральна кідаюцца пад будаўнічую тэхніку, спрабуючы спыніць злачынства. У адказ іх адкідаюць у бруд ды збіваюць.
«Людзі, пераапранутыя ў будаўнічую форму – гэта пераапранутыя амапаўцы. Яны тут будаўніцтвам не займаюцца, а збіваць абаронцаў Курапатаў», – сведчыць адзін актывіст Аляксандр Варошка.
Міліцыянты ж, апранутыя ў службовую форму, замест абароны пацярпелых актывістаў затрымалі аднаго з іх – Паўла Старавойтава, які ў час сутыкнення нібыта ўдарыў па відэакамеры ўмоўна невядомага аператара ў цывільным. А таксама склалі некалькі адміністратыўных пратаколаў супраць актывістаў за блакаванне тэхнікі.
Сёння ж ад забудоўніка стала вядома і пра крымінальную справу, заведзеную супраць абаронцаў Курапатаў напярэдадні. АТА «Белрэканструкцыя» падлічыла, што абарона Курапатаў нанесла арганізацыі страты на тры тысячы рублёў.
Праваахоўнікі цвердзяць, што аніякай крымінальнай справы няма: вядзецца звыклае правяранне. Тым часам грамадскія актывісты перадалі сталічным уладам зварот з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва ў Курапатах на час разбіральніцтва ў сітуацыі ды сустрэліся з намеснікам старшыні Менгарвыканкаму Віктарам Лапцевым.
«У выніку, ён прадэманстраваў гатоўнасць як мінімум – разбірацца далей у гэтай сітуацыі. Гэта не была пазіцыя – маўляў, усё чыста-правільна і не перашкаджайце працаваць! Гэта была пазіцыя – мы вывучым сітуацыю і, магчыма (ён падкрэсліў, што магчыма), будзе прыпыненае як мінімум на некалькі дзён будаўніцтва на гэтай зоне», – падзяліўся падрабязнасцямі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Калі чыноўнікі стрымаюць сваё слова, кароткую перадышку актывісты збіраюцца выкарыстаць для інфармавання пра сітуацыю вакол Курапатаў ды новых зваротаў у Міністэрства культуры і… Генпракуратуру. Бо гаворка – не толькі пра абарону нацыянальнага некропалю.
«Яшчэ ў 2013-м годзе арэнда зямлі пад будаўніцтва была атрыманая, калі зямля знаходзілася ў ахоўнай зоне, што няправільна. Таксама там не было слушна аформленых папераў на будаўніцтва, збору грамадзянаў», – тлумачыць прэтэнзіі Эдуардр Пальчыс, стваральнік сайту «1863Х.сom».
Наперадзе ж Курапаты ды іх абаронцаў чакае чарговая трывожная ноч. Каб выстаяць, ім патрэбная салідарнасць і дапамога ўсіх неабыякавых беларусаў.
Валерый Руселік, «Белсат», фота: БелаПАН