Як уплывае замежнае падтрыманне на стан справаў ля месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?
Абарона Курапатаў выходзіць на міжнародны ўзровень. Ва ўкраінскім Чарнігаве актывісты мясцовых арганізацыяў разам з беларускімі калегамі збіраюць подпісы ў абарону ўрочышча. Гэткая ініцыятыва з’явілася пасля тэматычнай выставы, якую зладзілі грамадская арганізацыя «Абаронцы Курапатаў» з Беларусі і Украінскі інстытут нацыянальнай памяці. Збіраюць подпісы ў Чарнігаве ў культурніцка-мастацкім цэнтры «Інтермеццо» і ваколіцах.
«Трэба навучыць людзей. Гэта бяда, вялікая бяда! Колькі народу вынішчылі ў нашых дзяржавах ні за што. Гэта былі дэмакраты, людзі свабоды, працаўнікі, незалежныя. Дарэчы, тыя, якіх заўжды баіцца ўлада», – кажа дэпутат Чарнігаўскай абласной рады Алег Касенка.
Ініцыятары акцыі канстатуюць, што захаванне памяці пра сталінскія рэпрэсіі актуальнае і сёння. Асабліва на фоне спробаў схаваць факты масавых рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму.
Грамадскі актывіст Дмытро Саўчанка прыйшоў на акцыю, каб «каб падтрымаць беларусаў».
«У нас таксама ва Украіне былі такія расстрэлы: шмат месцаў, нават у Чарнігаўскай вобласці хапае. У прынцыпе, па ўсёй Украіне. Гэта трэба памятаць, гэта гісторыя. Трэба ведаць свайго ворага, каб такое больш не паўтаралася», – кажа Саўчанка.
Абарона ж актывістаў, якія бароняць урочышча Курапаты, насамрэч актуальная.
Гэтак, напярэдадні на актывіста Леаніда Кулакова, які браў удзел у акцыі пратэсту ля рэстарану «Поедем поедим», наехалі аўтамабілем дзве жанчыны, што кіраваліся ў рэстаран. Як вынік – у мужчыны зламаная рука.
«Машына спынілася, людзі стаяць перад машынай, не прапускаюць яе. Яны смяюцца – кіроўца і пасажырка машыны. Яна зноў дае ходу. Перада мной стаяў Дзяніс Урбановіч, я стаю за Урбановіча са спіны, ззаду. Машына збівае Урбановіча, ён падае назад і збівае мяне», – распавядае Кулакоў.
29-цігадовая Злата Савостава, якая кіравала аўтам, пасля інцыдэнту не толькі не паспрабавала выклікаць «хуткую», але папросту з’ехала з месца здарэння. Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер ёй пагражае пазбаўленне правоў на тры гады.
«Мы збіраемся не выпускаць машыны і не ўпускаць наагул, прынамсі пакуль сітуацыя не ўвойдзе ў нармальныя рамкі. Міліцыянты бачаць, што ў нас тут адбываецца, што тут акцыя, яны штрафуюць, складаюць на нас пратаколы. Значыць, яны ведаюць, у чым сэнс гэтай акцыі», – кажа актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.
Пра акцыю ў Курапатах ведаюць і прэзідэнты Нямеччыны ды Аўстрыі, а таксама прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі ды Ізраілю, якія заўтра наведаюць мемарыял у Трасцянцы. Іх актывісты запрашалі і ў Курапаты. Але ці прыедуць?
Зміцер Міцкевіч