5 гадоў дэсанту мядзведзікаў. Швецыя і Беларусь – зноў сябры


У 2012-ым годзе паміж Беларуссю і Швецыяй разгарэўся дыпламатычны скандал, у выніку якога краіны зачынілі адна ў адной свае амбасады. І вось пасля 5-ці гадоў Беларусь паўторна адкрыла сваё прадстаўніцтва ў Стакгольме.

«Першае, гэта змяніўся палітычны фон, калі 5 гадоў таму з Аляксандрам Лукашэнкам было цяжка дамовіцца, то цяпер гэта выглядае прасцей. І Швецыя зараз таксама памяняла падыход хоча працаваць у Беларусі не толькі напрамую з некамерцыйнымі арганізацыямі, але і праз уладныя структуры», – мяркуе Рыгор Астапеня, галоўны рэдактар ideaby.org.

Кіраўнік Беларусі абвінаваціў шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана

«Ён разбураў пазітыў у адносінах Швецыі і Беларусі. У нас нуль таваразвароту са Швецыяй, у нас нуль інтарэсаў там», – запэўніваў усіх Лукашэнка.

Што няпраўда. Беларускі экспарт у Швецыю ў тыя гады быў супастаўны з экспартам у Францыю або ЗША ці, напрыклад, на Кубу і ў Пакістан разам узятыя.

«Калі казаць не толькі пра таваразварот, але і яшчэ пра інвестыцыі, то тут Швецыя выступае галоўным інвестарам, напрыклад у краінах Прыбалтыкі. Беларусь таксама магла б шмат атрымаць ад супрацоўніцтва», – упэўнены Рыгор.

Прычына разрыву дачыненняў іншая?

За месяц да скандалу, 4-га ліпеня 2012-га года, самалёт з двума шведскімі грамадзянамі нелегальна мінуў літоўска-беларускую мяжу. Уздоўж маршруту палёту ды ў прадмесці Менску былі скінутыя каля 800 плюшавых мядзведзяў з лозунгамі ў абарону свабоды слова і дэмакратыі. Афіцыйны Менск спачатку назваў інцыдэнт міфам, а ўсе фота і відэа гэтага здарэння – падробкамі, але неўзабаве ўсё ж прызнаў факт пралёту. Канфуз атрымаўся моцны. Бо Лукашэнка гадамі запэўніваў Маскву ў непарушнасці супольнай паветранай прасторы. Дык ці ў мядзведзіках рэч?

І зноў няпраўда

Галоўную ролю тут адыграла шведская актыўнасць за правы чалавека і дэмакратыю. Стэфан Эрыксан быў толькі часткаю гэтае працы, адыгрываў у ёй важную ролю, але не толькі ён. Тады на палітычным узроўні, узроўні міністраў, часта можна было пачуць адкрытую крытыку пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Сёння новая-старая амбасада, заўтра Менск наведае віцэ-канцлер і міністр замежных справаў Нямеччыны Зігмар Габрыель, а ўжо праз 8 дзён у Бельгію можа адправіцца і Лукашэнка, персанальна запрошаны сёлета на саміт «Усходняга партнёрства». Не зважаючы на тое, што ўлады Беларусі не надта стараюцца праводзіць абяцаную Захаду лібералізацыю, мядовы месяц Менску і Брусэля працягваецца.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum