Змены ад 1 студзеня: вышэйшыя падаткі, камуналка і мінімальны заробак


Новы год – новыя змены. З пазітыўнага: на Гарадзеншчыне з заўтрашняга дня перастануць патрабаваць збор за мінанне мяжы на машыне. Разам з тым 2023-ці прынясе вышэйшыя падаткі, падаражэнне камунальных паслуг і большую базавую велічыню – для налічэння заробкаў і… штрафаў. 

Новы каляндарны год – новыя правілы і стаўкі. Заўтра па ўсёй краіне амаль на 10 рублёў вырасце камуналка. Адразу на 5 рублёў павялічыцца базавая велічыня, паводле якой вылічваюць штрафы, стыпендыі, выплаты і іншае. Афіцыйны мінімальны заробак павысяць да 554 рублёў. А вось прадпрымальнікаў чакае падатковы землятрус.

«Хлопцы, вы самыя гэта дапусцілі! Вы самыя пераступілі тую рысу! Менавіта таму мы ўносілі гэтыя карэктывы, бо мы бачылі безумоўнае падатковае махлярства. І менавіта ў сувязі з гэтым, тое, што спрыяла спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, гэта тое, што спрыяла адмене ССП для ІП», – грымеў прызначаны Лукашэнкам намеснік міністра падаткаў і збораў Ігар Скрыннікаў 27 снежня.

Абвінаваціўшы ва ўсім бізнес, чыноўнікі пастанавілі не толькі адмяніць спрошчанае падаткаванне для індывідуальных прадпрымальнікаў, але і падняць падаходны падатак і падатак на прыбытак з шаснаццаці ды васямнаццаці да дваццаці адсоткаў. Зямельны збор для бізнесу і насельніцтва вырасце на 19%. Але ад большага пабору грошай у бюджэце можа не дадасца.

«Адаптацыя ў выглядзе выхаду ў шэры рынак – то бок працаваць у чорную, што ў сваю чаргу прыводзіць да зніжэння падатковых паступленняў у бюджэт. Такая захада 100 адсоткаў будзе мець адваротную рэакцыю», – кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Эканамісты звяртаюць увагу: лукашысты вырашылі сінхранізаваць падатковае заканадаўства з Расеяй, а таму нашыя льготы будуць адмяняцца.

Юрый Селіверстаў, прызначаны Лукашэнкам міністр фінансаў, у інтэрв’ю sb.by:

«Асобна спынюся на самазанятых грамадзянах. Для іх з 2023 года усталёўваецца два рэжымы падаткаабкладання – падатак на прафесійны даход і адзіны падатак з павышэннем ставак адзінага падатку ў 1,5–2,5 разу. Такі падыход накіраваны на актывізацыю самазанятасці…»

Чыноўнікі абгрунтоўваюць павышэнне патрэбаю падтрымаць сацыяльную сферу і абяцаюць павысіць заробкі бюджэтнікам на 17%.

Аднак эканаміст, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот мае іншае тлумачэнне:

«Лукашэнку патрэбныя грошы, каб плаціць тым, хто ў пагонах, каб яго слухаліся. Каб ствараць ілюзію бюджэтнікам, каб працягваць вялікі спектакль. Ну гэта будзе такі невялікі персанальны запаведнік Орўэла, і за яго будуць плаціць падаткаплатнікі».

Дзеля пацверджанне словаў эксперта можна згадаць, што ў наступным годзе расходы бюджэту на абарону і сілавікоў з судамі вырастуць на 53 і на 29%. Для параўнання, на ахову здароўя – толькі на 12%.

«Адказ відавочны. Сілавікі – гэта адзіныя, хто абараняе дадзены рэжым. Калі б не сілавы і ваенны блок, рэжым ужо не змог бы існаваць», – каментуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Апроч гэтага, заканадаўча замацоўваецца палітычная дыскрымінацыя. У прыватнасці, з заўтрашняга дня ўрад пастановаю № 839 забараніў атэстацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якіх судзілі паводле пратэставых артыкулаў.

«У Беларусі за апошнія 20 год вырасла вельмі моцнае пакаленне экскурсаводаў з вельмі ўраўнаважанай пазіцыяй, не праяўлялі сябе ў нейкіх радыкальных дзеяннях, бо гэта патрабуе прафесія. Спроба выкінуць іх прынясе шкоду», – зазначае гісторык і экскурсавод Цімафей Акудовіч.

Таксама з 1 студзеня ў Беларусі маюць падаражэць цыгарэты. Што датычыць істотных замежных зменаў, то ў Расеі пайшлі на рызыкоўны крок – істотна павысяць цэны на моцны алкаголь, а вось у Ізраілі панізяць кошты 1500 лекаў – у сярэднім на 7,5%. У Еўропе важная падзея – 1 студзеня Харватыя далучаецца да зоны еўра і Шэнгенскай прасторы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»