Максім Мірны «пакаяўся»


Былы спартовец Максім Мірны прыехаў у Беларусь з ЗША ды запісаў пакаяннае інтэрв’ю. Ён даў яго не ў сценах ГУБАЗіКу, а ва ўласным тэнісным цэнтры, але сэнс не мяняецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Здарыліся нашыя выбары 2020 года, і я не справіўся. Я жывы чалавек, мы ўсе схільныя здзяйсняць памылкі», – жаліцца Мірны.

Ён мае на ўвазе допіс на сваёй старонцы ў «Інстаграме». Мірны размясціў яго ўлетку 2020-га, праўда, праз паўгода выдаліў.

«Мы беларусы – мірныя людзі! Стоп гвалт!!! Я заклікаю міжнародную супольнасць дапамагчы спыніць гвалт у Беларусі! Народ Беларусі – мірныя грамадзяне, якія проста не хочуць судовых пераследаў і хочуць права галасаваць на справядлівых выбарах», – казаў Максім Мірны тады.

«Я шкадаваў аб сваім эмацыйным выступе і сёння, вярнуўшыся ў маю звыклую Беларусь, я адчуваю сябе больш спакойна, больш упэўнена», – кажа ён цяпер.

Але як атрымалася, што слынны беларускі спартовец, які скончыў карʼеру і жыве з сямʼёй у ЗША, кардынальна змяніў свае погляды ды выступіў на баку Лукашэнкі? Сярод імаверных прычынаў партал «by.tribuna.com» называе ціск падатковых службаў на Мікалая Мірнага – бацьку Максіма.

«Падобна да таго, што Мірны прыляцеў у Беларусь каб вырашыць пытанні па свайму бацьку, пасля чаго па ўласным жаданні запісаў гэтае відэа, каб падаць пэўны сігнал наверх – разважае галоўны рэдактар «by.tribuna.com» Алег Гаруновіч. – Ад Мірнага можа нават ужо нічога не хацелі. Хіба што распатрашыць фінансава, але ён вырашыў змагацца ці то за грошы, ці то за бацьку, ці то за бацьку з грашыма».

Максім Мірны – экс-першая ракета свету ў парным разрадзе, дзесяціразовы пераможца турніраў «Вялікага шлема» у пары ды міксце, алімпійскі чэмпіён 2012 года ў міксце.

За сваю карʼеру ён зарабіў больш за адзінаццаць мільёнаў долараў. Частку з іх уклаў у бізнес у Беларусі, якім, выглядае, кіруе бацька – Мікалай Мірны. Сярод актываў называюць «Max Mirnyi Center» ды «Мірны фітнес-цэнтр». Раней Мірныя таксама займаліся будаўніцтвам жылой і камерцыйнай нерухомасці, рэстаранамі ды нават гульнёвым бізнесам. Ці засталіся ў іх цяпер інтарэсы ў гэтых сферах – невядома.

Максім Мірны.
Фота: maxmirnyi / instagram

«Гэтыя праекты адбываліся пад пратэкцыяй Лукашэнкі. Таму ў яго такое стаўленне да многіх спартоўцаў, што ён ствараў для іх нейкія магчымасці, даваў карыстацца сваім даверам. І цяпер ён гэта разглядае як уласную здраду», – мяркуе выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Мірны не адзінокі. Іншыя вядомыя беларускія спартоўцы таксама апраўдвалі здушэнне пратэстаў, вайну ва Украіне або красамоўна маўчалі на гэты конт. Сярод іх – Аляксандр Глеб, Сяргей Рутэнка, Дарʼя Домрачава, Міхаіл Грабоўскі. Выпадкова ці не, але многія з іх маюць бізнес-інтарэсы ў лукашэнкаўскай Беларусі.

«Яны выбіраюць быць лаяльнымі, ісці ў фарватары гэтага рэжыму, хаця маглі б абраць іншы шлях. Проста гэта шмат кажа пра іхныя чалавечыя якасці, – абураецца журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Як распавёў Алег Гаруновіч, нават некаторыя больш пасіянарныя спартоўцы, якія рашуча выказаліся супраць рэжыму Лукашэнкі, пасля ціску сілавікоў змянілі сваю пазіцыю. Таму рэакцыя Максіма Мірнага яго не здзіўляе.

«Я б дадаў, што Мірны не быў самым смелым са спартоўцаў, якія пратэставалі, – разважае Гаруновіч. – Ён зрабіў свой допіс, які быў досыць “лайтовым”. Ён на нейкіх эмоцыях напісаў пару словаў і праз гэта можа пазбавіцца ўсяго. Чаму б яму не спужацца?»

Аляксандр Апейкін зазначае, што Фонд спартовай салідарнасці дадасць «кейс Мірнага» як адзін з прыкладаў ціску на спартоўцаў-беларусаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»