Магутны выбух каля знакамітага манументу «Тры сястры», размешчанага на стыку мяжы Украіны з Расеяй і Беларуссю. Відэа інцыдэнту распаўсюдзілі прарасейскія ваенныя карэспандэнты ўвечары 30-га траўня. Маўляў, такім чынам адрэзалі шлях для нападу ворага.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Насамрэч выдатна, што яны гэта стварылі і паказалі. Ну адбываецца тое, што адбываецца: мы адлучаемся ровам з кракадзіламі ад Расеі. І я спадзяюся, што гэта будзе на вельмі працяглы час. Яшчэ б хто-небудзь падарваў бы помнік сам! Няма ніякіх трох сясцёр, братоў там старэйшых, малодшых, не ведаю, хто там каму па ранжыры», – заявіў нам генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.
Манумент «Тры сястры» ўрачыста адкрылі 3-га траўня 1975 года ў гонар сяброўства народаў трох рэспублік. З таго моманту і да 2016-га года каля яго ладзілі Міжнародны фестываль славянскіх народаў.
«Калі пачынаюць падрываць такія сімвалічныя дарогі, гэта значыць, што сапраўды ўключаны нейкі панічны план, які мусіць нейкім чынам абмежаваць магчымасці дыверсійных груп заходзіць на тэрыторыю Расеі. Але зноў жа, мы ж разумеем, што дыверсійныя згуртаванні не заходзяць па галоўных дарогах», – кажа вайсковы эксперт, дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.
У памежным упраўленні ФСБ Бранскай вобласці, куды мы патэлефанавалі пад выглядам мясцовага жыхара, досыць спакойна ставяцца да выбуху:
– Усё, усё добра. Не турбуйцеся!
– Гэта значыць ніякай небяспекі няма?
– Небяспекі ніякай няма. Усё добра!
Вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка не выключае, што падрыў дарогі мог быць прапагандысцкай аперацыяй кіраўніцтва Бранскай вобласці:
«Яно павіннае дэманстраваць цэнтру сваю здольнасць і сваю дзейнасць па перадухіленні сітуацыі, падобнай у Белгародскай вобласці. Ну і насельніцтву таксама паказаць, што вось мы не проста так тут, мы не аблавухія, як вось там у Белгародскай вобласці».
Аднак такім жа чынам супакойваюць і ў прыёмнай міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна:
«Наконт чаго вам хвалявацца?»
Тым часам Віктар Хрэнін адсправаздачыўся, што Палата прадстаўнікоў парламенту ратыфікавала пратакол аб запэўніванні рэгіянальнай бяспекі з Расеяй. Ён прадугледжвае магчымасць дыслакацыі вайсковых частак расейскай рэгіянальнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі.
Руслан Ігнатовіч, «Белсат»