Адным дадаць, у іншых забраць: што зменіцца з 1 лютага


Гэтым дадаць, у тых забраць. Такія планы ў чыноўнікаў з пачатку лютага. З аднаго боку маюць вырасці пенсіі і сацыяльныя выплаты, з іншага – улады працягнуць падвышаць некаторыя падаткі і трэсці грошы з так званых дармаедаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З заўтрашняга дня вырастуць дэкрэтныя. Штомесячная выплата на першае дзіця складзе 724 рублі. На 10 з невялічкім адсоткаў падрасце пражыткавы мінімум, і амаль нагэтулькі ж – пенсіі. Сярэдняя мае скласці больш як 800 рублёў. Але пенсіі плацяцца за кошт адлічэнняў тых, хто працуе цяпер. Колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, расце дыспрапорцыя паміж працаўнікамі і пенсіянерамі. Грошай Фонду сацыяльнае абароны штогод не выстачае – дабіраюць з бюджэту.

«Гэта каля 1,2-1,4 мільярдаў беларускіх рублёў. Пры гэтым штогод адбываецца рост на 100-150 мільёнаў рублёў. Гэта пры тым, што ідзе рэформа, якая прадугледжвае падвышэнне пенсійнага ўзросту для беларусаў», – кажа навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Мінэканомікі, аднак, разлічвае сёлета давесці пенсіі да 80 адсоткаў ад сярэдняга заробку ў краіне. Маўляў, эканамічны рост дазваляе. Наш эксперт не хавае скепсісу.

«Рэжыму давядзецца адмаўляцца ад падтрымання іншых праектаў. Напрыклад, змяншаць выдаткі на рэканструкцыю дарог або на сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яшчэ адзін традыцыйны варыянт для рэжыму Лукашэнкі – гэта грашовая эмісія, што прывядзе да росту спажывецкіх цэнаў праз 5-6 месяцаў», – мяркуе Алег Мазоль.

пенсія
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталій Гіль / 1prof.by

Адметна, што падвышэнне адбылося напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Супадзенне?

«Я не думаю, што хоць нейкая значная частка насельніцтва ўспрымае гэтыя выбары як магчымасць паўплываць на ўладу. Але для саміх уладаў важна стварыць нейкую атмасферу свята», – кажа дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Падвышэнні пенсіяў і сацыяльных выдаткаў, падобна, часткова аплацяць за кошт курцоў. Некаторыя імпартныя цыгарэты заўтра падаражэюць на 30-35 капеек. Летась тытунёвыя вырабы таксама раслі ў цане. У тым ліку – найбольш даступныя айчынныя цыгарэты.

«У мяне няма адчування, што беларускія ўлады лічаць гэта вялікай сацыяльнай праблемай. Ёсць тыя, у каго падвышэнне коштаў выклікае кепскія эмоцыі. Але хапае і тых, што дрэнна ставіцца да палення і лічыць, што нічога кепскага ў падвышэнні няма», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

Вырастуць з 1 лютага і падаткі для фізічных асобаў, якія здаюць жытло, гаражы, месцы для аўтаў. Напрыклад, у сталіцы і абласных цэнтрах падвышэнне – парадку 7 адсоткаў. Павялічаць з лютага і падаткі для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў.

Таксама з заўтрашняга дня ў беларускіх банках – новыя правілы прыёму замежных купюраў. Патрабаванні да іх цэласнасці будуць менш строгія. Расейскіх рублёў, аднак, гэта не датычыць.

Валянцін Васіленка, «Белсат»