Колькі грошай стае беларусу?


Не «па пяцьсот». Насамрэч галоўны лік заробку шараговага беларуса значна ніжэйшы. Паводле кіраўніка праекту «Нашы грошы» («Кошт ураду») Уладзіміра Кавалкіна, ён застаецца ў межах 350-390 долараў у сярэднім на асобу за месяц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як толькі людзі дасягаюць гэтага рубікону, то пачынаюць ашчаджаць грошы на буйнейшыя куплі, вандроўкі. А пакуль гэты рубікон не дасягнуты, звычайна людзі працуюць, як кажуць у народзе, на ўнітаз, то бок праядаюць усё, што зарабілі», – адзначыў Уладзімір Кавалкін.

Заробку хапае толькі на самае неабходнае – так адказалі 70 адсоткаў беларусаў у нашым тэлеграм-канале. 13 адсоткаў могуць яшчэ заплаціць за арэнду жытла. Адпачынак могуць дазволіць сабе 11 адсоткаў нашых гледачоў, а 6 адсоткаў – буйныя куплі.

Пры гэтым некаторым беларусам даводзіцца сутыкацца з зусім, здаецца, нерэальнымі памерамі заробкаў. Напрыклад, выпускнікам аднаго з пінскіх каледжаў прапануюць працаваць крыху больш чым за дзвесце пяцьдзясят рублёў. Гэта нават менш за сто долараў. Што можна купіць за такія грошы? Напрыклад, амаль 104 літры 95-га бензіну або амаль 16 кілаграмаў свіной лапаткі.

«Беларускаму рэжыму выгадна, калі людзі працуюць за капейкі і не патрабуюць больш. Гэта дазваляе быць канкурэнтаздольным. Каб людзі гатовыя былі працаваць за маленькі заробак, падключаюцца ўсе іншыя механізмы: прызнанне дармаедамі, рэпрэсіі, паступовае ўдушэнне прыватнага бізнесу», – патлумачыў эканаміст Аляксей Харкевіч.

Сярэдні заробак у Беларусі на канец 2022 года, паводле Белстату, склаў больш за 1900 рублёў, ці 700 долараў. Па выліку падаткаў атрымоўваецца каля 1650 рублёў, ці 600 долараў. Але ні адзін, ні другі паказнікі, адзначыў эканаміст Аляксей Харкевіч, не адлюстроўваюць рэальнага дабрабыту беларусаў.

«Лагічна, што калі ў людзей становіцца больш грошай, яны павінны іх нейкім чынам назапашваць. Аднак дэпазіты ў валюце фізічных асоб нават скараціліся. Гэта можа сведчыць, што людзям гэтых грошай не хапае ў рэальнасці», – дадаў Аляксей Харкевіч.

Чым больш будуць зарабляць топ-чыноўнікі, тым большы будзе сярэдні заробак, патлумачыў Аляксей Харкевіч. Бо гэта сярэдні арыфметычны лік усіх налічаных заробкаў у краіне. А больш дакладны паказнік – медыянны, бо ён адлюстроўвае заробак, што атрымоўвае аднолькавая колькасць працаўнікоў узроўню, вышэйшага і ніжэйшага за сярэдні.

Ірына Юр’ева, «Белсат»