Даражэйшая адукацыя, таннейшы стаматолаг: якія змены чакаюць нас у снежні?


Хочаце атрымаць веды? Заплаціце па новых цэнах! Міністэрства адукацыі не чакала Новага году і пастанавіла ўжо ў снежні падняць кошт навучання ў ВНУ. Паводле міністра Андрэя Іванца, падаражэнне складзе ад 3 да 17 %. У залежнасці ад спецыяльнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я мяркую, што павялічваецца аплата за навучанне менавіта таму, што павялічваюцца і выдаткі навучальных установаў на аказанне адукацыйных паслугаў», – кажа незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Міністр Іванец рост цэнаў тлумачыць высокай інфляцыяй. Маўляў, летась у Беларусі яна склала прыкладна 16 %, а расцэнкі ў ВНУ павялічыліся толькі на 7 %. Адметна, што, паводле звестак Нацбанку, сёлета станам на кастрычнік інфляцыя складае ўсяго 3,7 %.

Не найлепшая навіна для тых, хто збіраецца купляць кватэру ў крэдыт. Нацбанк ад снежня павышае разліковыя велічыні стандартнай рызыкі. З 14,61 % – да 15,25 %.

«Што тычыцца звычайных грамадзянаў Беларусі, натуральна, гэта з’яўляецца відавочным фактарам непазбежнага падвышэння кошту абслугоўвання крэдыту. На адсотак-паўтара», – канстатуе эканаміст Віталь Алейнік.

Да снежня Нацбанк цягам 5 месяцаў утрымліваў на адным і тым жа ўзроўні паказнікі стандартнай рызыкі. А перад тым з пачатку года паслядоўна іх зніжаў.

Тытунь бʼе не толькі па здароўі, а ўсё часцей і па кішэні. Чарговы раз ад пачатку новага месяца Міністэрства падаткаў і збораў абвяшчае пра падаражэнне некаторых марак цыгарэтаў. У сярэднім на 30 капеек падаражэюць 10 марак вытворчасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», 26 марак вытворчасці «Тытунь-Інвест» і 2 маркі, якія ў краіну ўвозіць дзяржпрадпрыемства «Беларусьторг».

Рост цэнаў на тытунь улады тлумачаць уніфікацыяй падатковага заканадаўства з Расеяй у пытаннях ускосных падаткаў. Сюды ўваходзяць і акцызы.

Аўтамабільнае паліва ў Беларусі сёлета не даражэла ні разу. Але праезд у маршрутках – так. Гэтак, у Берасці ад снежня кошт за праезд вырасце з паўтара рубля да 1 рубля і 80 капеек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэта прыватныя перавознікі. Яны маюць права паводле закону проста паведамляць – і ўсё. У іх рэнтабельнасць не павінная перавышаць 15 %. Яны правялі сход і паведамілі ў Берасцейскі гарвыканкам пра тое, што падаражэюць маршруткі», – тлумачаць прычыны падаражэння ў Берасцейскім гарвыканкаме.

Праезд у маршрутках можа падаражэць таксама ў Гомлі і Магілёве. Жыхары гэтых гарадоў заўважылі адпаведныя абвесткі ў транспарце. Але мясцовыя ўлады пакуль гэтай інфармацыі не пацвярджаюць.

А вось паслугі зубнога лекара ў новым месяцы патаннеюць. Міністэрства аховы здароўя вызначыла максімальныя тарыфы на ўсе віды стаматалагічнага лячэння. Лячэнне зубоў у недзяржаўных клініках цяпер мае патаннець ад 33 % да 47 %.

«У нас цэны і так вельмі нізкія. Ацэталавы пратэз – у раёне 360 рублёў, пластмасавая каронка – 50–55 рублёў, просты здымны пратэз – ад 165 рублёў. Зніжаць цэны – гэта фактычна ў страты нам і страты ўсяму», – кажа лекар Уладзімір Дварэцкі, выконваючы абавязкі загадчыка стаматалагічнага аддзялення Капыльскай раённай паліклінікі.

Пастанова пра змяненне цэнаў набывае моц 13 снежня.

І напамін для аўтамабілістаў. Яшчэ не позна памяняць летнюю гуму на зімовую. У адваротным выпадку ад першага снежня рызыкуеце заплаціць штраф. 37 рублёў за першае парушэнне і ажно да 185 за паўторнае. І памятайце. Галоўнае – гэта бяспека!

Алесь Яшчанка, «Белсат»