Дзяржаўны рэкет: «Ты ад нас уцёк, то мы забярэм кватэру, лецішча, іншыя нейкія актывы»


Спачатку ўлады дазволілі завочна судзіць фігурантаў палітычных крымінальных справаў. Цяпер на чарзе тыя, каго рэжым вінаваціць у эканамічных злачынствах. Пра гэта распавёў кіраўнік Следчага камітэту Дзмітрый Гара. Паводле яго, пастанову ўхваліў асабіста Лукашэнка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Уцякаючы за мяжу, многія пакідаюць тут актывы на велічэзныя сумы. І без рашэння суда мы не зможам скампенсаваць страты, нанесеныя грамадзянам і арганізацыям», – заявіў Дзмітрый Гара.

Вытрасанне грошай з бізнесу даўно паставілі на канвеер, кажа прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч. Закон дазваляе адкупіцца і пазбегнуць адказнасці за эканамічныя злачынствы. Гэтым карыстаюцца кантрольныя органы, што знаходзяць або выдумляюць парушэнні. Ад чаго некалі пацярпеў і сам Кныровіч.

«Да вас прыходзіць праверка, потым следчы, пачынаецца крымінальная справа. І вам прапаноўваюць або скампенсаваць налічаную шкоду і пазбегнуць крымінальнага пераследу, або гэтага не рабіць і прайсці праз усе стадыі крымінальнага працэсу з прадказальным вынікам – турма», – распавядае Аляксандр Кныровіч.

Цяпер жа, імаверна, плануюць адбіраць актывы тых бізнесоўцаў, да якіх не ўдалося дацягнуцца і пасадзіць у СІЗА. Хаця завочныя суды практыкуюцца і ў дэмакратычных краінах, сітуацыю нельга параўноўваць з беларускаю, мяркуе юрыст Арцём Праскаловіч.

«У гэтых краінах існуе легітымная ўлада, незалежны суд, парламент, які абіраецца народам. Незалежныя свабодныя медыі. І іншыя інстытуцыі, якія могуць уплываць і кантраляваць дзейнасць дзяржаўнага апарату ўнутры краіны», – тлумачыць Арцём Праскаловіч.

У Беларусі ўсе суддзі фактычна прызначаюцца Лукашэнкам, адзначае юрыст. А сам менскі рэжым не ёсць легітымным. Адпаведна нельга лічыць законнымі і такія пастановы дзейных уладаў. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч параўноўвае яе з крымінальнаю структураю.

«Пакаранне такога кшталту: ах, ты ад нас уцёк, то мы забярэм кватэру, лецішча, іншыя нейкія актывы. Гэта яўны бандытызм, ніякага дачынення да дзяржавы гэта не мае. Гэта цалкам незаконная дзейнасць», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Следчы камітэт ужо агучыў суму, якую плануюць спагнаць у выніку завочных судоў у эканамічных справах. Гэта 100 мільёнаў рублёў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»