«Правесці ператрус самастойна». Як павысіць узровень асабістай інфармацыйнай бяспекі?


Самая сур’ёзная пагроза для тых, хто жыве ў Беларусі, цяпер зыходзіць не ад хакерскіх груповак, якія дыстанцыйна могуць узламаць ваш ноўтбук, а ад сілавікоў, якія могуць уварвацца ў жытло, адабраць гэты ноўтбук і атрымаць з яго ўсю інфармацыю. Таму стратэгія абароны прыватнай інфармацыі ва ўмовах сённяшняй Беларусі змянілася.

Што можна зрабіць, каб максімальна абараніцца?

«Можна зашыфраваць усе свае прылады, правесці папярэдні ператрус у сябе самастойна і ўсё, што можа быць выкарыстана супраць вас, вывезці, выдаліць, выкінуць – і гарантаваць бяспеку ўласных уліковых запісаў», – кажа эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

Для гэтага трэба выкарыстоўваць складаныя паролі, двухфактаравую аўтэнтыфікацыю і заходзіць на старонкі ў рэжыме інкогніта. Мець зносіны праз ip-тэлефанію і карыстацца бяспечнымі месэнджарамі: гэта «Сігнал», «Ўотсап» і сакрэтныя чаты ў «Тэлеграме». І заўсёды памятаць, што размовы праз мабільныя і стацыянарныя тэлефоны могуць праслухоўвацца.

Летась у Беларусі зʼявілася хакерская група кіберпартызанаў, якая ўзламала рэсурсы дзяржаўных установаў і змагла атрымаць доступ да тэлефонных размоваў міністраў і высокіх чыноўнікаў.

«У РБ усіх могуць пісаць, але няма дастаткова операў, каб усе гэтыя запісы праслухаць. Пішуць толькі тых, хто цікавы рэжыму. У асноўным супрацоўнікаў МУС, бізнесоўцаў, дактароў. Таксама слухаюць апазіцыянераў. Лукашэнку, як правіла, не слухаюць, але магчыма, мы натрапім на ягоныя размовы з іншымі людзьмі, якіх слухалі», – распавядае прадстаўнік кіберпартызанаў.

Сім-карта беларускага мабільнага аператара стала прыладаю для сачэння. Мабільная сувязь небяспечная, бо званкі могуць праслухоўваць, перахопліваць СМС, зліваць месцазнаходжанне, блакаваць нумар.

«Часта людзі забываюць пра тое, што «слабавікі» могуць перахопліваць СМС на беларускім нумары – і гэта дазваляе ім зайсці ў акаўнты, да якіх прывязаны ваш нумар. Мы рэкамендуем не прывязваць ваш нумар да пратэставых акаўнтаў», – кажуць кіберпартызаны.

З лістапада ў Беларусі пачаў працаваць закон «Аб абароне персанальных звестак». Мы былі апошняй краінаю ў Еўропе, дзе такога закону не было.

Юрыст Алег Агееў патлумачыў, што гэта азначае для звычайнага карыстальніка з Беларусі:

– Гэта накіравана на абарону кожнага з нас.

– Але як гэта будзе працаваць?

– Складанасць у тым, што ў краіне, у якой «не да законаў», нават такі добры закон можа выкарыстоўвацца, каб прыцягваць да адказнасці таго, хто не падабаецца. Супраць звычайнага беларуса… Гэта будзе хутчэй бараніць, калі беларус не распаўсюджвае нейкіх звестак.

А вось калі чалавек пачынае распаўсюджваць нейкую інфармацыю, то закон можа пачаць працаваць супраць яго.

Закране гэта і недзяржаўных журналістаў, якія працуюць у Беларусі, – закон дазваляе прыцягнуць да адказнасці за распаўсюд інфармацыі.

Алена Дубовік, «Белсат»