Абарона жыццяў беларусаў і перадухіленне ваеннай эскалацыі – Валер Сахашчык пракаментаваў з’яўленне рэзананснага ліста пра «магчымую правакацыю з атакаю на беларускія абʼекты крытычнай энергетычнай інфраструктуры».
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі ў сваім допісе ў «Тэлеграме» зазначае, што інфармацыя, змешчаная ў лісце, трапіла да яго з «афіцыйных крыніцаў у кампетэнтных ведамствах заходніх краінаў».
«Усе, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй, былі апавешчаныя аб магчымых наступствах. Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб перадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёрак, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку», – гаворыцца ў заяве.
Ліст з пазнакаю «сакрэтна» на бланку Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі за подпісам Валера Сахашчыка датаваны 23 красавіка. У ім паведамляецца, што ўдар з дапамогаю беспілотніка па абʼекце энергетычнай інфраструктуры Беларусі рыхтуюць асобы з ліку беларусаў замежжа, звязаныя з добраахвотніцкімі рухамі «Паспалітае рушэнне» і «Ліцвіны».
Ужо праз два дні, 25 красавіка, пра нібыта перадухіленую атаку беспілотнікаў адрапартаваў кіраўнік лукашэнкаўскага КДБ Іван Церцель падчас Усебеларускага народнага сходу.
26 красавіка тэкст ліста, падпісанага Сахашчыкам, даслалі ў рэдакцыю «Белсату». У згаданым у дакуменце «Паспалітым рушэнні» адзначылі, што ведалі пра падрыхтаваны Валерам Сахашчыкам ліст, аднак інфармацыю ў ім назвалі правакацыяй, а аўтару параілі больш старанна правяраць інфармацыю, што паступае яму і Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі з ананімных крыніцаў.
«Гэтую тэму раскручваюць блізкія да ГУБАЗіКу тэлеграм каналы, гэтую тэму раскручвае адзін з галоўных прапагандыстаў Ігар Тур. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што з Сахашчыка малююць асобу, што распаўсюджвае неправераную інфармацыю. То бок адбываецца маштабная аперацыя па дыскрэдытацыі Сахашчыка, па дыскрэдытацыі патрыятычных сілаў і парамілітарных груп і па тым, каб пасварыць Сахашчыка і рушэнне паміж сабой», – кажа палітычны аглядальнік, аўтар праграмы «ПраСвет» Сяргея Пеляса.
Зняпраўдзілі інфармацыю пра магчымую атаку і прадстаўнікі руху «Ліцвіны», што базуецца ў Літве. Пасля выступу Івана Церцеля МЗС гэтай краіны ў сваю чаргу ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпламатычную ноту з патрабаваннем «неадкладна зняпраўдзіць дэзынфармацыю».
«Сама па сабе такая правакацыя выгодная, канешне, Лукашэнку і Пуціну. Іншых бенефіцыяраў тут няма. І, безумоўна, яна можа ўдарыць па беларусах за межамі, якіх у чым толькі не абвінавачваюць, то ў літвінізме, то яшчэ ў чым. Вось цяпер будуць яшчэ і ў тэрарызме», – кажа каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.
Ад дадатковых каментароў «Белсату» наконт крыніцаў інфармацыі і адрасатаў ліста Валер Сахашчык адмовіўся, спасылаючыся на занятасць. У сваім тэлеграм-канале ён толькі зазначыў, што шкоду «нашай агульнай справе» нанёс не дакумент, які ён падпісаў, а тыя, хто зарганізаваў выцек у медыі і КДБ.
Аляксандр Баразенка, «Белсат»