Вернікі ў чаканні Уваскрашэння


«Уваскрослы Хрыстос жыве не толькі на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць і ў нашых сэрцах», – з такімі словамі звярнуўся да беларусаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напярэдадні Вялікадня. Сёння вернікі, што прытрымліваюцца грыгарыянскага календара адзначаюць Вялікую суботу і рыхтуюцца да галоўнага хрысціянскага свята. 

Сёння ў каталікоў, пратэстантаў і ўніятаў Вялікая субота. Для вернікаў гэта час радаснага чакання велікодных урачыстасцяў, да якіх традыцыйна гатуюць святочныя стравы. Вернікі прыходзяць да храму, каб узгадаць пакуты і смерць Ісуса Хрыста, асвяціць ежу і ваду да велікоднага стала.

Вялікая субота не час для гулянняў і весялосці, таму яе яшчэ называюць «ціхай».

«Гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы касцёл прыбывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго збаўцы. Знайсці час на адарацыю, каб пабыць у цішыні сам-насам з Ісусам, які аддаў за нас сваё жыццё, пакліканы сёння кожны, хто лічыць сябе веруючым», – кажа ксёндз Алег Зямчонак.

Расфарбаваныя яйкі – галоўны атрыбут велікоднага стала. Да іх упрыгожвання ў свеце падыходзяць з асаблівым крэатывам. Гэтак у польскім Гданьску школьнікі ўпрыгожылі малюнкамі вялізныя велікодныя яйкі з пенапласту. А ў Харватыі мастакі расфарбавалі велізарныя фігуры ў форме яек у межах мясцовай велікоднай традыцыі. Вышыня некаторых работ дасягае двух метраў.

«Цягам усяго праекту нашыя велікодныя яйкі падарожнічалі па ўсім свеце. Самым далёкім пунктам прызначэння быў Ню-Ёрк. А таксама яйкі з гонарам былі выстаўленыя ў Будапешце, Варшаве, Берліне, Вене і розных гарадах Харватыі», – адзначае адна з арганізатарак праекту Крыстына Сочэў.

У нашых традыцыйных святочных стравах адлюстроўваюцца асноўныя элементы старазапаведнай велікоднай вячэры.

«Замест пасхальнага ягняці сёння – смачныя каўбасы і вяндліны, замест горкіх траў – хрэн з бурачком або смятанкай. Замест прысмакаў – кулічы і булкі. Аднак віна мы тут не бачым. Памятаем: за велікодным сталом не прынята спажываць алкаголь», – падкрэслівае ксёндз Алег Зямчонак.

Сёлета вернікі зноў не змогуць наведаць галоўную каталіцкую святыню ў Менску – чырвоны касцёл. Улады закрылі яго нібыта на рамонт, які так і не пачалі. Да таго ж, шмат беларусаў вымушаныя сустракаць Вялікдзень за мяжой, у далечыні ад дому і сваіх родных.

«Мы проста не маем магчымасці туды прыехаць, і гэта робіць свята крышку сумным і для нас, і для іх, таму што яны таксама рыхтуюцца, садзяцца за свой святочны стол, мы – за свой. Па адлегласці мы нібыта недалёка, але так недасяжна», – верніца Эла Мацвіенка.

Аднак нават за мяжой вернікі могуць пачуцца як удома.

«Нашай дыяспары пашанцавала, што ў Вільні ёсць капліца, дзе вядуцца службы на беларускай мове. Далёка не паўсюль ёсць такое шчасце», – дадала Эла Мацвіенка.

Гэтак у Вільні імша ў касцёле Святога Варфаламея прайшла па-беларуску. У польскім Кракаве ў грэка-каталіцкай царкве Узвядзення святога крыжа, а 31 сакавіка службы па-беларуску правядуць у варшаўскай царкве Спачыну найсвяцейшай Багародзіцы і ў парафіі Маці Божай з Гвадэлупы ў Беластоку.

Увечары вернікі зноў вернуцца да касцёлу, дзе адбудзецца галоўнае ўрачыстае набажэнства – велікодная вегілія, пасля чаго можна прынесці радасную вестку сваім блізкім – Хрыстос уваскрос!

Андрэй Сульжыц belsat.eu