У якіх умовах утрымліваюць беларускіх палітвязняў?


Нечалавечыя ўмовы ўтрымання вязняў у беларускіх калоніях. Гэтак, у Бабруйскай папраўчай установе нумар два закрылі краму, у якой можна было дакупаць прадукты ў перадачу. У Наваполацкай – эпідэмія грыпу і забарона на тэлефонныя званкі. А тых, хто на «хатняй хіміі», ганяюць прыбіраць снег.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Медсанчастка Наваполацкай калоніі нумар 1 перапоўненая. Праваабаронцы паведамляюць пра імаверную эпідэмію грыпу. Хуткаму распаўсюду вірусу ва ўмовах пенітэнцыярных установаў спрыяе тое, што хворых не адразу пераводзяць у медычны блок.

«Я размаўляў са зняволенымі, якія меры прымаліся, яны адказвалі: нічога не робіцца, нават з тэмпературай цябе не здымуць з прамзоны, ты павінен паміраць, каб нейкая медыцынская дапамога была аказаная», – узгадвае былы палітычны вязень, блогер Аляксандр Кабанаў, які быў у зняволенні падчас эпідэміі каронавірусу.

У Наваполацкай калоніі цяпер утрымліваюцца 106 палітычных вязняў. Сярод іх – былы кандыдат на прэзідэнта Віктар Бабарыка, блогер Ігар Лосік, стрыечны брат Паўла ЛатушкіАнатоль, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў ды іншыя. Сёння ж праваабаронцы прызналі яшчэ 15 асобаў палітзняволенымі. Паводле юрысткі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Святланы Галаўнёвай, праваабарончая супольнасць гэткім чынам дае альтэрнатыўнае рашэнне таго, што чалавек пакараны непрапарцыйна ці не правамерна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцены і вышка калоніі № 5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Павялічылася і колькасць тых, да каго на мінулым тыдні прыходзілі сілавікі ў справе аб харчовай дапамозе сем’ям вязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што пад пераслед трапілі болей за дзвесце чалавек. Некаторых ужо асудзілі паводле адміністратыўных артыкулаў. На некаторых з затрыманых заведзеныя крымінальныя справы паводле экстрэмісцкіх артыкулаў – удзел ці спрыянне дзейнасці.

Але, як мяркуе Святлана Галаўнёва, гэта не звязвала з самім статусам палітвязняў, а хутчэй з вельмі распаўсюджанай практыкай салідарнасці людзей з сем’ямі палітвязняў.

А тым часам асуджаных на «хатнюю хімію» ўлады сталі прыцягваць да прыбірання снегу. Гэтак, у Берасці «хімікі» прыбіралі тэрыторыю школы. А ў Мазыры асобаў з непагашанаю судзімасцю прыцягнулі да працаў на мясцовым Кургане славы.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»