Аб'ектыў 03.12.2017 3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі


Каманда «Крылы анёлаў», якая аб’ядноўвае бацькоў дзяцей з інваліднасцю, правяла сёння адмысловы прабег у Лошыцкім парку сталіцы, каб чарговы раз пашырыць інфармацыю па тое як жывуць людзі з інваліднасцю.

Шаснаццаць гадоў таму пасля траўмы Вячаслаў страціў абедзве нагі. Жывучы на трэцім паверсе, падымацца дадому самастойна ня мог. Штодня на сабе яго насіў сябар. Каб змяніць сітуацыю, са сталіцы мужчына пераехаў у вёску і пад свае патрэбы адаптаваў будынак былой крамы. Але нават каб правесці дадому каналізацыю, трэба было падпісаць паперы ў шасці ўстановах.

«Ніводная ўстанова, нават выканкам, не дасяжная для вазочнікаў. Адзінае БРТІ, калі ўжо фініш быў, я прыходзіў рэгістраваць дом, то там усё класна», – распавядае Вячаслаў.

Вячаслаў мае з чым параўноўваць: нават у суседніх балтыйскіх краінах праблемаў з пандусамі ды паркавальнымі месцамі – значна меней.

Некалькі гадоў таму разам з сябрам мужчына адкрыў фірму для араматызацыі памяшканняў, у якой дае працу людзям з інваліднасцю. На жаль, ня ўсе ведаюць, што для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі ў вядзенні бізнесу існуюць пэўныя ільготы.

«Ёсць льгота на арэндную стаўку. Каэфіцыент – 0,1, то бок плаціць дзесяць адсоткаў. Калі пачынаеш займацца бізнесам і патрэбна арэндаваць памяшканне, то гэта сурʼёзнае пытанне. Арэндная плата зазвычай высокая», – кажа Вячаслаў.

У Беларусі штогод павялічваецца колькасць людзей з інваліднасцю, сёлета іх лік дасягнуў больш за паўмільёна чалавек, ці амаль шэсць адсоткаў ад насельніцтва краіны. Сярод іх – больш за 30 тысячаў дзяцей.

Большасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць ізаляцыю. Выйсці з такой сітуацыі дапамагаюць, між іншага, дабрачынныя арганізацыі. Гэтак, адмысловы сталічны клуб бацькоў дзяцей з інваліднасцю «Крылы анёлаў» правёў у Менску паўмарафон. Мэта – дапамагчы дзецям з самымі рознымі абмежаваннямі далучыцца да актыўнага жыцця.

«У людзей з інваліднасцю шмат розных праблемаў. Мы хочам нагадаць пра адну з іх: гэтыя людзі і дзеці вельмі шмат часу праводзяць дома. Мы хочам узяць іх з сабой і атрымаць задавальненне», – адзначае намеснік дырэктара клубу «Крылы анёлаў» Ірына Дзяргач.

Удзельнікі каманды «Крылаў» разам з дзецьмі ў вазках бегаюць на вялікія дыстанцыі другі год. Бралі ўдзел у марафонах і паўмарафонах у Барсэлоне, Сочы, Кіеве. Далучыцца да бегу можа кожны ахвотны, хто любіць займацца спортам і хоча дапамагчы. Сённяшнія бегуны атрымалі на фінішы ад арганізатараў забегу адмысловую ўзнагароду – рукавіцы.

«Пра праблемы інвалідаў мала гаварыць, трэба нешта рабіць – праяўляць ініцыятывы, трэба рухаць. Не трэба чакаць, што дзяржава нешта зробіць. Людзі з інваліднасцю самі могуць нешта зрабіць, у мяне дачка з інваліднасцю, я з ёй бегаю марафоны», – мяркуе дырэктар клубу «Крылы анёлаў» Дзмітры Цімашкоў.

Таксама на паўмарафоне ў Лошыцкім парку збіраліся грошы на бегавы вазок для аднаго з «анёлаў».

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары