Ціханоўская заклікала дапамагчы беларусам


Скончыўся трохдзённы працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Румынію. Абраная прэзідэнтка Беларусі ўзняла пытанне ахвяраў рэпрэсіяў на найвышэйшым міжнародным узроўні, і нагадала, што беларусы выступаюць супраць саўдзелу ў расейскай вайне ва Украіне. Сёння ж у Бухарэсце распачаўся саміт NATO на ўзроўні міністраў замежных справаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Перамовы на найвышэйшым узроўні. Святлана Ціханоўская ў якасці абранай прэзідэнткі Беларусі сустрэлася з прэм’ер-міністрам Румыніі Нікалаэ Чукэ. Перадусім, каб распавесці пра рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі, пра лёс Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Святлана Ціханоўская і Нікалаэ Чукэ абмеркавалі ўцягванне Беларусі ў расейскую агрэсію ды будучую дапамогу дэмакратычнай Беларусі ў межах еўрапейскага плану аднаўлення і рэформаў.

«Сёння мы рызыкуем страціць усё: сваю свабоду, сваю незалежнасць, само існаванне беларускай дзяржавы. Абараняць і захоўваць яе – наш гонар і абавязак. Але нам патрэбная дапамога нашых сяброў у дэмакратычным свеце», – З такімі словамі Святлана Ціханоўская выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі лідараў, якая прайшла ў Бухарэсце перад самітам краінаў NATO.

Прадстаўніца Беларусі заклікала міністраў замежных справаў, высокапастаўленых вайскоўцаў і экспертаў прызнаць тэрарыстычным рэжым Аляксандра Лукашэнкі і пашырыць санкцыі на ягоных прапагандыстаў і сілавікоў.

«Расея падарвала суверэнітэт Беларусі, падпісаўшы новыя дамовы аб вайсковай і эканамічнай інтэграцыі. Яны падпісаныя з дыктатарам, які не мае права нічога падпісваць ад імя народу пасля таго, як страціў усялякую легітымнасць у 2020 годзе», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Беларусі.

У Бухарэсце Ціханоўская заклікала дэмакратычны свет уключыць у новую стратэгію дзеянняў захады па абароне суверэнітэту Беларусі.

Заклік актуальны, бо менавіта ў Бухарэсце сёння і заўтра краіны блоку NATO на адмысловым саміце дамаўляюцца аб наступных дзеяннях з улікам вайны Расеі супраць Украіны.

«Калі пачалося ўварванне, для блоку NATO гэта не было знянацку. Мы рыхтаваліся да падобных сітуацыяў з 2014 года, калі пачалі адаптацыю блоку. Вайна не пачалася сёлета ў лютым, вайна распачалася ўвесну 2014-га. І з тых часоў NATO правяло найвялікшыя пасля халоднай вайны пераўзбраенне і мадыфікацыю сілаў саюзнікаў. Большая прысутнасць на ўсходнім флангу, павелічэнне сілаў, большыя выдаткі на абарону», – нагадаў генеральны сакратар Енс Стольтэнбэрг.

Як падкрэсліў Енс Стольтэнбэрг, Паўночнаатлантычны альянс будзе павялічваць дапамогу Украіне, у тым ліку сродкамі для генерацыі энергіі, ды змяншаць сваю ўласную залежнасць ад аўтарытарных краінаў, такіх, як Расея, Кітай і іншыя.

«Мы не будзем спыняцца на дасягнутым, мы збіраемся ўзмацніць прысутнасць NATO ад Чорнага да Балтыйскага мора», – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Паслязаўтра Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у Кіеўскім форуме бяспекі, прысвечаным 31-й гадавіне рэферэндуму аб незалежнасці Украіны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»