65-ы дзень вайны: Дзясяткі тысяч вайскоўцаў з краінаў NATO і саюзнікаў адправяцца на вучэнні ў Еўропе


Толькі Вялікая Брытанія накіруе 8 тысяч салдатаў, дзясяткі танкаў і больш за 100 браняваных машынаў, каб прадэманстраваць «салідарнасць і сілу». Гэта будзе самае маштабнае разгортванне войскаў з часу халоднай вайны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым часам 65-ая раніца вайны пачалася з пажару на нафтабазе ў акупаваным Данецку. Што сталася прычынай узгарання, пакуль невядома.

Паводле справаздачы Міністэрства абароны Расеі, ракетныя ўдары па Украіне наносяць і з падводных чаўноў. Паведамляюць, што крылатыя ракеты «Калібр» былі выпушчаныя па аб’ектах ваеннай інфраструктуры.

Ваеннай інфраструктурай, а менавіта вытворчымі карпусамі прадпрыемства ракетна-касмічнай галіны «Арцём», у Мінабароны РФ назвалі і жылы дом у Кіеве. Яго абстралялі ўчора. Сёння пад заваламі там знайшлі цела журналісткі радыё «Свабода» Веры Гірыч. Усяго за два месяцы вайны ва Украіне загінулі больш за 20 журналістаў.

Трываюць абстрэлы і Харкава. Толькі за мінулыя содні горад абстралялі 16 разоў, у лякарню трапілі 130 чалавек. На гэты момант у горадзе пашкоджаныя больш за дзве з паловаю тысячы жылых дамоў. Цывільную інфраструктуру абстрэльвалі з прадмесця, у тым ліку з Рускай Лазавой. Сёння сяло перайшло пад кантроль ЗСУ.

Жонкі і нявесты абаронцаў Марыупалю запісалі відэазварот да Міжнароднай супольнасці ды лідараў краінаў з заклікам уратаваць тых, хто ратуе Еўропу.

Тым часам амбасады сямі краінаў параілі сваім грамадзянам не заязджаць у Прыднястроўе і пакінуць Малдову. Гэта ЗША, Канада, Францыя, Ізраіль, Вялікая Брытанія, Нямеччына і Балгарыя.

Памежны пункт Белая Бярозка ў Бранскай вобласці быў абстраляны з мінамётаў нібыта з тэрыторыі Украіны. Пра гэта паведаміў губернатар вобласці Аляксандр Багамаз. Паводле ягонай інфармацыі, пацярпелых няма. Аб правакацыях на Браншчыне папярэджваў заснавальнік праекту «Гулагу нет» Уладзімір Асечкін яшчэ 10-га красавіка.

Мэр часова акупаванага Мэлітопалю Іван Фэдараў паведаміў, што расейскія вайскоўцы пачалі масава выкрадаць мужчынаў прызыўнога ўзросту. Фэдараў выказаў меркаванне, што іх могуць выкарыстоўваць як «гарматнае мяса» ці для абмену на палонных расейскіх салдатаў. Выкрадзеных трымаюць у скляпах.

У Кіеве востра стала пытанне з палівам. На запраўках зʼявіліся кіламетровыя чэргі. Эксперты апасаюцца, што бензастанцыі могуць перастаць прадаваць паліва ўраздроб. Варта адзначыць, што максімальная норма продажу ўжо скарацілася з 20-ці літраў да 10-ці.

Польшча перадала Украіне вайсковую тэхніку на больш як паўтара мільярда долараў. Гэта дзвесце танкаў, некалькі дзясяткаў баявых машынаў пяхоты, самаходныя гаўбіцы 2С1 «Гваздзік» і РСЗА «Град», а таксама ракеты класу «паветра – паветра» для самалётаў МіГ-29 і Су-27.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»