Павел Латушка: Беларусь і Расея могуць напасці на Літву


Напад на Літву з тэрыторыі Беларусі магчымы – заявіў палітык Павел Латушка. Паводле яго, гэта можа быць танкавы ўдар. Раней пра падрыхтоўку нападу на Вільню казаў яшчэ адзін прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету – Валерый Сахашчык. Адкуль бярэцца гэтая інфармацыя? Наколькі рэалістычны падобны сцэнар?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Танкавы ўдар з боку Беларусі па Літве – рэалістычны сцэнар, мяркуе палітык Павел Латушка, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Паводле яго, для прыкрыцця танкаў агрэсар можа выкарыстаць «Іскандэры». А беларускіх жаўнераў ужо трэнуюць бегаць трыццацікіламетровыя марш-кідкі.

«Патэнцыйна дзе яны могуць быць задзеяныя? Менавіта пры рэалізацыі такіх сцэнароў. Таму падрыхтоўка ідзе. Лукашэнка таксама памяняў усё заканадаўства – пад ваенны час. Цалкам заканадаўства змененае. Усе прыкметы падрыхтоўкі такіх дзеянняў існуюць», – кажа Павел Латушка.

Раней інфармацыю пра магчымы ўдар з Беларусі па Вільні агучыў Валерый Сахашчык, таксама прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету. З іншых крыніцаў яе пацверджанняў мы пакуль не атрымалі.

«Наконт інфармацыі Валерыя Сахашчыка: мы не можам яе пацвердзіць. Але не можам і зняпраўдзіць», – заявіў «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Лукашэнка падчас нядаўняй паездкі на мяжу з Літвой хоць і гразіў жорсткім адказам патэнцыйнаму агрэсару, але планы атакі на суседнюю дзяржаву зняпраўдзіў. Адмаўляе падобныя намеры і ягоны маскоўскі саюзнік.

Зрэшты, планы поўнамаштабнага нападу на Украіну ў Крамлі таксама не прызнавалі. Да дваццаць чацвёртага лютага пазамінулага года. Але напярэдадні ў заходніх медыях зʼяўлялася інфармацыя пра агрэсіўныя намеры Пуціна. А заходнія палітыкі – напрыклад, прэзідэнт ЗША Байдэн – успрымалі яе сурʼёзна. Пра небяспеку атакі на Літву яны пакуль уголас не кажуць. Паводле Паўла Латушкі, такі сцэнар магчымы ў выпадку паразы Расеі ва Украіне.

«Дзеля таго, каб адцягнуць увагу грамадства: маўляў, мы ваюем не толькі з Украінай, а сапраўды з NATO. Дзеля гэтага можа адбыцца дэстабілізацыя на адной з межаў краінаў-сябраў NATO», – кажа Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Выданне «Наша Ніва», аднак, імавернай крыніцай падобных інсайдаў называе канспіралагічны тэлеграм-канал «Беларуская выведка». У той самы дзень, калі прагучала заява Валера Сахашчыка, ён пісаў пра будучае прывядзенне беларускай арміі ў павышаную боегатовасць.

«Папярэднім важным сігналам стане правядзенне маштабных вучэнняў на ўчастку беларуска-літоўскай мяжы. Распачатыя нядаўна вучэнні не будуць скончаныя, а будуць толькі мяняцца фазы “праверкі баяздольнасці” з выхадам на вучэнні ў складзе 4-х брыгадаў у ліпені-жніўні», – піша «Беларуская выведка».

Агрэсіўныя планы Крамля адносна Літвы не ёсць чымсьці новым, мяркуе дэпутат літоўскага Сейму Валдас Ракуціс. Але ці пачне Пуцін іх рэалізоўваць?

«Гэтыя ўсе агрэсіўныя планы, як у Гітлера, зʼяўляюцца, калі ёсць лёгкія перамогі, якія кружаць галаву. Чалавеку здаецца, што ён усё можа», – кажа Валдас Ракуціс.

«Каб Расея магла ўступіць у вайну з NATO, ёй неабходна спыніць вайну супраць Украіны. Мабілізаваць і падрыхтаваць рэзерв – не меней за 200 тысяч вайскоўцаў. Каб папоўніць тыя страты, якія расейскія войскі панеслі ў вайне супраць Украіны», – мяркуе маёр ЗСУ Тарас Беразавец.

Пагрозы ж, якія цяпер гучаць ад Расеі ў бок краінаў NATO, эксперт лічыць часткай інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі Крамля.

Валянцін Васіленка, «Белсат»