Рэжым Лукашэнкі чакаюць новыя санкцыі


Рэжым Лукашэнкі чакаюць новыя санкцыі. Аб узмацненні абмежавальных захадаў у дачыненні Беларусі заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі. Паводле кіраўніка польскага ўраду, лідары Еўрапейскага Звязу амаль кожны дзень абмяркоўваюць, як аформіць адзінаццаты пакет санкцыяў супраць Беларусі. На якія канкрэтна крокі можа пайсці Захад, пакуль невядома.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дыскусіі наконт санкцыяў канфідэнцыйныя. На кожным этапе. Пачынаючы з прапановы, далей ідуць дыскусіі на ўсіх узроўнях, пачынаючы з нацыянальных, унясенне зменаў і гэтак далей. Але, нагадаю, агульная працэдура прыняцця санкцыяў такая: любое рашэнне ў гэтым пытанні заўсёды звязанае з канкрэтным развіццём сітуацыі на месцы падзеяў. Якія б пастановы ні прымаліся ў мінулым, якія б дыскусіі ні ладзіліся раней на гэты конт, змены ў бягучай сітуацыі, у тым ліку далейшая эскалацыя, без усялякіх сумневаў прывядуць да адпаведных зменаў у палітыцы санкцыяў», – распавёў прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана.

Але заслону таямніцы пагадзіўся прачыніць старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай. Франак Вячорка патлумачыў, што 11-ты пакет санкцыяў будуць уводзіць за агрэсію супраць Украіны:

«Гэта тыя санкцыі, якія ўводзяцца на Расею, і прычэпам туды ідзе Лукашэнка. І ад пачатку самой вайны гэты пакет уключаў беларускія прадпрыемствы, сілавікоў, высокае вайсковае начальства. Але потым зʼявілася ідэя сінхранізаваць санкцыі супраць Лукашэнкі і супраць Расеі ды ўзнікла праблема выключэнняў на калійныя ўгнаенні. І гэта стала галоўным тормазам, чаму беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы не ўключаныя ў расейскія пакеты санкцыяў».

Аднак некаторыя краіны могуць увесці пэўныя санкцыйныя абмежаванні асобна. Напрыклад, Польшча ў межах свайго нацыянальнага заканадаўства распрацоўвае захады, якія закрануць правілы і нормы руху для тавараў і людзей у межах двухбаковых стасункаў між краінамі. Стала вядома, што на мінулым тыдні кампанія «Латышская чыгунка» ўвяла забарону на перавоз усіх грузаў у вагонах Белчыгункі. Якія наступствы ад такога кроку чакаюць Лукашэнку?

«Перакрыцце з боку ЕЗ у выглядзе ўльтыматуму чыгункі прывядзе да таго, што будуць паралізаваны не проста грузавыя і пасажырскія зносіны на тэрыторыі Беларусі і часткова Расеі, але і будзе паралізавана дастаўка ўсёй ваеннай тэхнікі на вайну ва Украіне, якая перакідваецца ў тым ліку праз Беларусь», – кажа палітолаг Зміцер Балкунец.

Пакуль жа існуе скептычнае меркаванне, што санкцыйныя захады – эфектыўны інструмент ціску на рэжым Лукашэнкі. Бо калі краіны іх і ўводзяць, то, хутчэй, для абароны сваёй нацыянальнай бяспекі, а не на запыт беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Санкцыі ўводзяцца дзякуючы Лукашэнку, але не дзякуючы палітыкам. Для мяне таксама не зразумела, чаму гэты год, калі гэтыя ўсе замежныя візіты былі, гэтае турнэ па розных краінах Ціханоўскай працягваецца, а санкцыі не ўводзяцца. І не вядома, што яны кажуць на закрытых сустрэчах, таму што да іх павінны прыслухоўвацца», – мяркуе галоўная рэдактарка сайту «Хартыяʼ97» Наталля Радзіна.

Пры гэтым прадстаўнікі дэмакратычных сілаў не спыняюцца працаваць з міжнароднымі партнёрамі ў пытаннях санкцыйнага ціску. Гэтак, учора Святлана Ціханоўская сустракалася з каардынатарам амерыканскай санкцыйнай палітыкі пры Дзяржаўным дэпартаменце ЗША Джэймзам ОʼБраенам. Падчас чаго абмяркоўвалася адмысловая сустрэча ў справе Беларусі з спецпрадстаўніком ЕЗ у пытанні санкцыяў Дэйвідам ОʼСаліванам.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»