28 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларускай ССР прагаласаваў за новую назву краіны – «Рэспубліка Беларусь». У той самы дзень дэпутаты зацвердзілі новыя дзяржаўныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Але ў такім высокім статусе яны былі нядоўга. Праз 4 гады першы прэзідэнт Беларусі верне краіне савецкія ўзоры.
Сімвалы, годныя тысячагадовае гісторыі. 19 верасня 1991 года па ініцыятыве дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту і пры першым дні старшынства Станіслава Шушкевіча Вярхоўны Савет зацвердзіў новую назву краіны – Рэспубліка Беларусь, а разам з тым і новыя дзяржаўныя сімвалы, узгадваюць жыхары Менску:
«Бел-чырвона-белы і герб Пагоня».
«Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг».
«Герб Пагоня, вельмі стары, з БНР. А яшчэ, калі шчыра, з гісторыі туды паглыбляцца, з Вялікага Княства Літоўскага».
«Сімвалаў, шчыра кажучы, не памятаю, выхаванне ў нас было савецкае».
Мела савецкае выхаванне і бальшыня дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ склікання, кажа наш суразмоўца Сяргей Антончык, тагачасны дэпутат з парламенцкае апазіцыі БНФ:
«Былі камуністамі, былі людзьмі з калгасу, якія не ведалі наагул нічога пра гісторыю Беларусі. І для іх быў праведзены такі вельмі сур’ёзны лікбез».
Пераконваць зацятых камуністаў было надзвычай складана, згадвае каардынатар парламенцкае апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык:
«Гэта было ў кулуарах, у перапынку сесіі, адзін ветэран сказаў: «Добра, я згодны на Пагоню, на вашага каня, але няхай на шчыце будзе чырвоная зорка ці серп і молат». Не памятаю. Штосьці такое».
Урэшце нацыянальныя сімвалы зацвердзілі – з трэцяга разу. Увосень 1991-га Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін прапанавалі абраць гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» – ваяцкі марш БНР. Яшчэ адным кандыдатам на гімн быў твор «Магутны Божа». Але ў выніку пастанавілі не спяшацца і абвесціць конкурс. Часовым гімнам застаўся БССРаўскі, але без словаў.
Але час быў страчаны, і пасля абрання першым прэзідэнтам краіны Аляксандра Лукашэнкі дэпутатам БНФ давялося бараніць нацыянальную сімволіку.
«Яму тады вельмі хацелася заняць пасаду ў Крамлі, пасаду хворага Ельцына. Трэба прызнаць, што шанцы ў яго тады былі. Дзеля гэтага трэба было проста абʼяднаць Беларусь з Расеяй, а каб абʼяднаць Беларусь з Расеяй, трэба было знішчыць імкненне да супраціву, найперш знішчыць нацыянальную годнасць беларусаў», – адзначае Сяргей Навумчык.
Насуперак заканадаўству, Лукашэнка абвяшчае рэферэндум аб змене сімволікі, наданні расейскай мове статусу дзяржаўнай і аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
«Рэферэндум – гэта вызначэнне галоўнага», – адзначаў тады кіраўнік краіны.
Дэпутатаў БНФ, якія абвесцілі галадаванне пратэсту, збілі проста ў зале парламенту.
«Цяперашняя ўлада баіцца нашых нацыянальных сімвалаў, як дʼябал баіцца крыжа. Яны разумеюць, што выкарыстанне гэтых сімвалаў нясе вялікую небяспеку для іхнае асабістае ўлады», – распавядае Сяргей Антончык.
Паводле Сяргея Навумчыка, вярнуць нашым сімвалам дзяржаўны статус будзе нескладана. Для гэтага дэмакратычнай уладзе будзе дастаткова прызнаць рэферэндум 1995 года незаконным.
Вітаўт Сіўчык belsat.eu