Замежныя фармацэўтычныя кампаніі апынуліся пад рэпрэсіямі?


Генеральная пракуратура заявіла, што выкрыла схемы схаванага подкупу медыкаў. Цягам трох гадоў дактары быццам атрымоўвалі грошы ад замежных фармацэўтычных кампаніяў за чытанне лекцыяў. Фактычна ж – за рэкамендацыі пацыентам пэўных прэпаратаў, каб прасоўваць іх на беларускім рынку. У адказ чыноўнікі прыдумалі шэраг абмежаванняў для замежных вытворцаў лекавых сродкаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за 400 тысячаў рублёў незаконнай узнагароды атрымалі 62 медыкі ад прадстаўніцтваў замежных фармацэўтычных кампаніяў з Румыніі ды Швейцарыі. Такія звесткі агучыў прадстаўнік Генпракуратуры ў эфіры «Беларусь 1». Міністэрства аховы здароўя на гэтую заяву адрэагавала аператыўна. У афіцыйным каментары кіраўнік ведамства Дзмітрый Піневіч анансаваў змены падыходаў да прасоўвання замежнай медычнай прадукцыі.

«У прыватнасці, цяпер замежныя кампаніі і іх прадстаўніцтвы могуць удзельнічаць толькі ў тых канферэнцыях, што праходзяць пад эгідай Міністэрства аховы здароўя. Усе астатнія адукацыйныя мерапрыемствы забароненыя. Асабістыя кантакты мусяць быць спыненыя, пакуль мы не выпрацуем новыя падыходы разам з МУС і органамі Генпракуратуры», – заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

З іншага боку, у беларускіх медыкаў сёлета амаль не засталося магчымасцяў браць удзел у замежных канферэнцыях, каб знаёміцца з перадавымі распрацоўкамі. Такія паездкі ў тым ліку адбываліся за кошт фармацэўтычных кампаніяў. Што ўлады ўспрымалі як карупцыю, адзначыла каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

«Ніхто не хавае спонсараў гэтых канферэнцый. Звычайна пад іх вылучаецца асобная старонка ў сацсетках, праводзяцца тэматычныя выставы. Чаму рэкламаваць, напрыклад, каўбасу можна, а свой аспірын – нельга?» – патлумачыла Лідзія Тарасенка.

Варожа ставіцца да вытворцаў, што прасоўваюць новыя медычныя тэхналогіі, улады мусяць дзеля абароны айчыннай медыцыны, якая не скіраваная на развіццё.

«Тэма ўзаемаадносінаў медыкаў і фармкампаніяў складаная. У цывілізаваных краінах шукаюць цывілізаваныя формы гэтых узаемаадносінаў. Яны знаходзяцца. Мы так не можам. Мы не будзем затлумляцца і разбірацца. Мы ўсё забаронім. Забаронім шараговым лекарам. Бо тэма карупцыі ў сістэме міністэрства аховы здароўя нікуды не знікае», – падзяліўся меркаваннем рэаніматолаг Уладзімір Мартаў.

Малаверагодна, што змена падыходаў і стаўлення да прадукцыі замежных вытворцаў адаб’ецца на павелічэнні долі айчынных прэпаратаў, мяркуе Лідзія Тарасенка.

«Увесь свет ідзе па шляху глабалізацыі, спробаў наладзіць кантакты. Ніводная краіна не можа сябе забяспечыць медычнымі прэпаратамі, таму што іх вытворчасць дарагая. І ўсе размовы, што ў нас выпускаюць сотні арыгінальных прэпаратаў, гэта падобна навіны што паўночнакарэйскія касманаўты высадзіліся на сонца», – патлумачыла Лідзія Тарасенка.

Асноўнаю прычынаю падобных абмежаванняў і забаронаў, мяркуе экспертка, можна назваць нарастанне рэпрэсіяў. І ціск на медыкаў сапраўды не паслабляецца. Гэтак, напярэдадні ў Лідзе вынеслі прысуд тэрапеўту Андрэю Красніку – тры з паловаю гады зняволення. 55-цігадовага мужчыну абвінавачвалі ў шэрагу пратэставых артыкулаў, сярод якіх – абраза Лукашэнкі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»