У Беларусі больш няма апазіцыйных партыяў


У Беларусі больш няма нават і фармальна апазіцыйных партыяў. Так званы Вярхоўны Суд адмовіў партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна ў задавальненні скаргі на рашэнне Мін’юсту аб неперарэгістрацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асцерагаецца нават нейкай фармальнай актыўнасці. Партыі могуць вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарах – і з гэтым нічога не зробіш. Потым што з гэтымі кандыдатамі рабіць? Трэба іх па закону рэгістраваць, а так – партыі ўсе паадмяняў апазіцыйныя, на выбарах можна вылучацца толькі шляхам збору подпісаў. А на гэта ўжо ніхто не пойдзе, гэта адразу падазрона, што чалавек апазіцыйны і што з ім можа быць», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Яшчэ на пачатку года ў Беларусі налічвалася 15 партыяў. Тады ж Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў».

Цяпер, каб прайсці перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, партыя мусіла «забяспечваць грамадзянскую згоду», а таксама

мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, мець не менш за 5000 чальцоў у сваім складзе, даслаць дзяржорганам спісы ўсіх чальцоў разам з іхнымі адрасамі і месцамі працы.

Большасць апазіцыйных палітычных структураў адмовіліся выконваць гэтыя патрабаванні дзеля бяспекі сваіх чальцоў. У выніку партыяў засталося 4. І ўсе – праўладныя.

Гэта Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама рэгістрацыю атрымала новая і цяпер галоўная «Белая Русь».

«Хапае 3-4 партыі вось для такой сістэмы аўтарытарнай. Як паказвае вопыт і ГДР, і іншых тых так званых шматпартыйных сістэм у краінах усходняга блоку, сацыялістычных краінах – там было звычайна 2-3 партыі. Што ў Польшчы, што ў ГДР, што ў Балгарыі», – дадае Віталь Цыганкоў.

«Гэта палітычная Сахара – ні бугарку, ні дрэўца, усё навокал – выпаленая зямля, а пасярэдзіне стаіць яшчэ вышка з вяртухаем. Вось гэта ідэальна мадэль, яны пад яе падганяюць», – упэўнены Анатоль Лябедзька.

Тым не менш шэраг апазіцыйных партыяў мае намер працягваць працу незалежна ад юрыдычнага статусу ў Беларусі. Гэта Партыя БНФ, АГП, «Зялёныя» і БСДП.

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.
Фота: Белсат

«Тыя тэзісы, якія выкладзеныя ў нашай праграме – яны актуальныя, нягледзячы на тое, ёсць дзяржаўная рэгістрацыя ці няма. Таму змаганне з палітычнай думкай і з жаданнем жыць у новай краіне праз забарону арганізацый – так сабе прадуктыўнае змаганне», – кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

На пачатку ж гэтага тыдня Лукашэнка як бы падсумаваў зачыстку партыйнага поля. Для забеспячэння сваіх інтарэсаў падчас наступнай электаральнай кампаніі ён даў чыноўнікам наўпроставы наказ абіраць «сваіх».

Дэмакратычная апазіцыя не прызнае легітымнасці правядзення рэжымам парламенцкіх выбараў 2024 года. Сярод планаў намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі арганізацыя альтэрнатыўнай кампаніі – выбараў у Каардынацыйную раду як легітымны пераходны парламент. Таксама гучаць прапановы арганізаваць альтэрнатыўныя выбары на онлайн-платформах.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»