«Загрузка НПЗ па-ранейшаму каля паловы. Страту рынку еўрапейскага і ўкраінскага замяніць пакуль няма чым»


Паволі завяршаецца мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі, мэтаю якой было перапрацоўваць да 22 млн тонаў сырой нафты на год. Санкцыі краінаў Захаду скарэктавалі гэтыя планы. Затое стае нафтапрадуктаў беларусам унутры краіны. Тры месяцы запар не расце цана на 92-і і 95-ы бензін, і нязначна змянілася – на 98-ы. Высветлілі, што адбываецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Br 2,46 за 95-ы бензін і 2,36 – за 92-і. Цана на гэтыя віды паліва ў Беларусі не змянялася з 28-га чэрвеня. «Белнафтахім» прыпыніў так званую «стрыманую палітыку» павышэння раздробных цэнаў на аўтапаліва, якую праводзіў на працягу пяці гадоў. Цэны на АЗС раслі на адну капейчыну раз ці два на месяц.

«Рост дасягнуў такога ўзроўню, калі цана ўнутры краіны не столькі важная для саміх НПЗ (там зразумела, што ў іх эканоміка не вельмі складваецца) становіцца надта высокаю для спажыўцоў гэтых бензінаў і дызеляў. Хутчэй за ўсё з-за гэтага яе рост спыніўся», – кажа эканаміст Сяргей Чалы.

Стабільны $ 1 за літр бензіну на фоне імклівага росту рэшты цэнаў на тавары і паслугі не можа не цешыць. Раней канцэрн «Белнафтахім» звяртаў увагу, што айчынная цана на паліва залежыць ад курсу долара, коштаў на нафту, падаткаў і ставак расейскіх акцызаў і ад сезону.

«Не расце, але я думаю, што гэта часовая з’ява. Прыйдзе зіма – паглядзім. Кошты раслі, калі цана на нафту таксама расла. Але сёння цана на нафту ўпала ўжо да $ 80. Таму няма падставаў на тое, каб гэтыя кошты раслі і павялічвалі прыбытак нафтаперапрацоўчых камбінатаў», – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Страты гэтых камбінатаў праз санкцыі летась склалі $ 80 млн – паводле заяваў чыноўнікаў. Сёлета апроч еўрапейскага згубілі ўкраінскі рынак збыту нафтапрадуктаў. Але напярэдадні «Белнафтахім» абвесціў «час росту». Напрыканцы жніўня кіраўнік беларускай нафтахіміі Андрэй Рыбакоў рапартаваў: «Нам удалося забяспечыць бесперабойную працу ўсіх нашых прадпрыемстваў галіны».

Так ці інакш, яны засталіся стратнымі – падкрэслівае Яраслаў Раманчук. Да $ 80 млн ён прапануе далічыць выдаткаваныя на мадэрнізацыю $ 2,5 млрд.

«А калі не лічыць інвестыцыі, а сказаць, што гэта проста ўкладанне дзяржавы ва ўстаўны капітал НПЗ, то гэта ўжо зусім іншая бухгалтэрыя. Паколькі альтэрнатываў рынкам Еўрапейскага Звязу і Украіны няма, страты павінныя быць велізарныя, таму што капітальныя інвестыцыі таксама трэба ўлічваць», – настойвае Раманчук.

Беларуская нафта і хімія ў гэтых умовах могуць быць канкурэнтаздольнымі толькі калі Расея дазволіць беларускім нафтапрадуктам канкураваць са сваімі ўласнымі – кажа ён. Праблема ў тым, што праз некалькі месяцаў расейскія НПЗ таксама чакае санкцыйнае эмбарга. Эканаміст Сяргей Чалы дадае:

«Загрузка НПЗ па-ранейшаму каля паловы. Страту рынку еўрапейскага і ўкраінскага замяніць пакуль няма чым. У размовы пра тое, што гэта можа зрабіць Расея, я, шчыра кажучы, не веру. Бо гэта не выгадна ні для яе, ні для Беларусі».

У такім выпадку замест павелічэння абʼёмаў пасля мадэрнізацыі – да планаваных 18 мільёнаў тонаў, можа адбыцца яго змяншэнне – да сямі мільёнаў. Прыкладна столькі спажывае ўнутраны рынак краіны. Гэта ўсе віды паліва, мінеральныя ўгнаенні і іншыя нафтахімічныя прадукты.

Юлія Цяльпук, «Белсат»