Хутка з'явяцца вакцыны беларускай вытворчасці


Ствараць дык ствараць! Выконваючы загад Лукашэнкі аб стварэнні беларускай прышчэпкі ад каронавіруса, прадпрыемства «БелВітуніфарм» так разагналася, што пачало распрацоўваць вакцыну ад алкагалізму. Ну, як ад алкагалізму – ад яго наступстваў. Што вядома пра гэтую ды іншыя навінкі «БелВітуніфарму»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Каб чалавек заставаўся чалавекам» – з гэтаю мэтаю на прадпрыемстве «БелВітуніфарм» пачалі працу над вакцынай ад алкагалізму. Гендырэктар прадпрыемства Сяргей Бальшакоў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў, што вакцына дапаможа захаваць якасць жыцця людзей, якія ўжываюць алкаголь:

«Мы будзем бароцца з вынікам п’янства, а не з самім пʼянствам. Скажу адразу тым, хто ўзрадаваўся вакцыне: пахмельны сіндром застанецца, але мы разлічваем, што чалавек пасля пэўных складанасцяў вернецца ў нармальныя шэрагі і не будзе апускацца ніжэй па сацыяльнай лесвіцы».

Аналагаў такой вакцыны ў свеце пакуль яшчэ няма, але на пяткі беларускім навукоўцам ужо наступаюць калегі са ЗША. Там таксама распрацоўваюць вакцыну ад алкагалізму, механізм яе дзеяння наступны: прэпарат аднаўляе ўзровень дафаміну ў мазґах, што мусіць зрабіць чалавека больш задаволеным і, адпаведна, зменшыць патрэбу ў алкаголі як у сродку хуткага пераадолення праблемаў.

«Гэта не зусім вакцына ў звыклым для нас разуменні. Бо залежнасць – не інфекцыйнае захворванне. І, адпаведна, імунітэт тут ніяк не працуе. Мабыць, недзе ў будучыні будзе так, што зрабілі прышчэпку – і чалавеку не страшны алкагалізм. Але на сённяшні дзень гэта сістэмная праца. Гэта і сацыяльная праграма, і псіхалагічная дапамога, і папулярызацыя дапамогі, а не стыгматызацыя, як у нас да сёння ідзе», – патлумачыў лекар-псіхіятр-нарколаг Павел Перапёлкін.

Пацыенты, якім бы прыдалася вакцына ад алкагалізму, у Беларусі дакладна ёсць. Паводле звестак Белстату, у 2022 годзе ў краіне было зарэгістравана больш за 14 тысяч пацыентаў з алкагалізмам. Гэта амаль на 20 адсоткаў меней, чым 5 гадоў таму. Менш за ўсё хворых на алкагалізм жыве на Гарадзеншчыне, а найбольш – на Гомельшчыне. Паводле нашага эксперта, гэтыя лічбы значна заніжаныя.

«Што мяне ў гэтай навіне больш уразіла, што нібыта вы піце, а мы зробім пры гэтым так, каб вам было добра. І вось гэта можа стварыць ілюзію бяспекі ўжывання алкаголю. Таму як гэта прышчэпка будзе працаваць, у які бок – вялікае пытанне. І ў рэаліях беларускіх, хутчэй за ўсё, ад гэтага стане толькі горш», – лічыць псіхіятр і нарколаг Павел Перапёлкін.

Магчыма, болей шанцаў на поспех атрымаюць беларускія вакцыны ад сапраўдных вірусаў: воспы, гепатыту, грыпу і нарэшце каронавіруса. Іх распрацоўваннем таксама пахваліліся на «БелВітуніфарме». Апошнюю Лукашэнка загадаў стварыць яшчэ ў сакавіку 2021 года. Чаму выраб забраў столькі часу, вядучы мікрабіёлаг прадпрыемства патлумачыў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1»:

«Праект вырабу вакцыны супраць COVID-19 патрабуе адукацыі персаналу, атрымання навыкаў працы на тэхналагічным новым абсталяванні і асваення новых тэхналогіяў. Таму такі доўгі працэс», – пракаментаваў вядучы мікрабіёлаг «БелВтуніфарму» Віктар Чыжэўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viacheslav Lopatin / Shutterstock.com

За час распрацоўвання айчыннай вакцыны зʼявілася шмат новых штамаў вірусу. EG.5 Eris, які распаўсюджваецца па свеце цяпер, хутчэй абыходзе імунную абарону чалавека і пранікае ў клеткі. Вакцыны ад яго яшчэ няма. Гэты штам можа зʼявіцца ў Беларусі ўжо бліжэйшым часам.

«Тэарэтычна магчыма змадыфікаваць гэтую новую вакцыну да гэтых новых штамаў каронавіруса. Зацікаўленасць людзей у вакцыне супраць каронавіруса ўжо не такая актуальная, так што не ведаю, ці гэта была фактычная патрэба, ці гэта проста былі амбіцыі кіраўніцтва, каб зрабіць сваю вакцыну», – патлумачыў лекар агульнай практыкі Антон Юран.

Міністэрства аховы здароўя ўжо даўно не публікуе афіцыйных звестак аб захворванні на COVID-19. Але паводле Алены Казарэз, загадчыцы кафедры інфекцыйных хваробаў Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту, гэта адзінкавыя выпадкі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»