Капітал расце, нараджальнасць – не


Сямейны – ён жа мацярынскі – капітал у Беларусі цяпер складае амаль 30 000 рублёў. Мэта – заахвоціць беларусаў нараджаць. Старэйшая навуковая працаўніца цэнтру BEROC Настасся Лузгіна нагадала, што гэтая захада мела пэўны эфект.

«Калі ўвялі ў пятнаццатым годзе гэты мацярынскі капітал, часткова гэта было звязана з тым, што жанчыны разважалі: нарадзіць або не нарадзіць, або нарадзіць пазней, – і сталі паскараць працэс. І такое невялікае паскарэнне адбылося», – распавядае Настасся Лузгіна.

З таго часу магчымасцю атрымаць немалыя для Беларусі грошы скарысталіся амаль 127 000 шматдзетных сем’яў. Зрэшты, якога-кольвек значнага павышэння нараджальнасці не адбылося – праз цалкам зразумелыя прычыны.

«Дзеля таго, каб людзі хацелі і маглі гадаваць больш дзяцей, перадусім трэба стварыць больш спрыяльныя ўмовы для жыцця дарослых людзей у дзяржаве, – падкрэсліў лідар Руху беларускай салідарнасці Віталь Рымашэўскі. – Цяпер дзень такіх умоў не створана. Заробкі ў нас абсалютна не дастатковыя, каб сямʼя сябе адчувала камфортна».

Аформіць сямейны капітал зусім не складана. Трэба падаць усяго некалькі даведак, і дзесьці праз 3-4 месяцы ў распараджэнні шматдзетнай сямʼі будзе адпаведны банкаўскі рахунак. Апроч таго, штомесяц бацькі атрымліваюць так званыя дзіцячыя выплаты. І тут ёсць нюанс. На яго звярнула ўвагу маці чатырох дзетак Маргарыта Касабуцкая:

«Не важна, колькі ў цябе дзяцей: чацвёра, двое, трое альбо пяцёра – ты атрымліваеш памаганне на дзіця да трох гадоў. Прыкладна 700 рублёў ці нават меней: 600. І дзесьці 150-200 рублёў на астатніх».

Але вялікай сямʼі цяжка пражыць толькі на «дзіцячыя» штомесячныя выплаты. Частку сямейнага капіталу Маргарыта патраціла на стаматалагічныя паслугі для сябе і мужа – былога палітычнага вязня. Кажа, добра, што ёсць магчымасць скарыстацца сямейным капіталам датэрмінова. Бо «эканоміка нестабільная ў краіне. І вось незразумела: ці захаваліся б гэтыя грошы да 18 гадоў дачкі».

З самога пачатку сямейны капітал налічвалі ў амерыканскіх доларах: 10 тысяч долараў. Але з 2020 года ў межах намаганняў у дэдаларызацыі беларускай эканомікі падтрыманне прызначалі ўжо ў рублях. Сумы немалыя: ад 22 500 бел. рублёў да цяперашніх 29 950 бел. рублёў. З улікам інфляцыі ды слабога даверу да нацыянальнай валюты, не дзіва, што атрымальнікі капіталу імкнуцца скарыстацца ім як мага хутчэй. Эканамістка Настасся Лузгіна назвала такое рашэнне рацыянальным.

«Цалкам апраўдана, чаму шматдзетныя семʼі, якія атрымліваюць мацярынскі капітал, імкнуцца выдаткаваць яго на тыя мэты, якія яны могуць ужо зараз гэта зрабіць: на фінансаванне пакупкі кватэры, дапусцім, альбо на вучобу, альбо на ахову здароўя», – кажа Настасся Лузгіна.

Так, 55% шматдзетных сем’яў пастанавілі патраціць сямейны капітал датэрмінова. З іх 84% уклалі грошы на паляпшэнне жыллёвых умоваў, 9% выдаткавалі частку сямейнага капіталу на медычныя паслугі і яшчэ 7% – на атрыманне адукацыі. Праграма сямейнага капіталу дзеіць толькі да канца наступнага года.

«Беларускія ўлады эканомяць на беларускіх семʼях, насамрэч, – адзначыў Віталь Рымашэўскі. – Эканоміць на сістэме адукацыі, на медыцыне – гэта ўсё пра сямʼю, гэта ўсё пра дзяцей, пра іхнае выхаванне. Эканомяць на простых беларусах, на іхных заробках. Адзінае, на чым не эканомяць, – гэта сілавікі, войска і палацы для прэзідэнта».

Сёлета памер сямейнага капіталу плануюць павялічыць. І тады ён складзе 30 336 беларускіх рублёў. Паводле папярэдніх разлікаў, скарыстацца выплатамі здолеюць яшчэ амаль 14 000 беларускіх семʼяў.

Марына Яновіч, «Белсат»