ГУБАЗіК правёў затрыманні ў дзень свайго 33-годдзя


Нібыта ў падарунак да свайго 33-годдзя ГУБАЗіК зрабіў рэйд па, як кажуць, актывістах праваабарончай арганізацыі «Вясна». Паводле сілавікоў, арыштавалі трох чалавек: сярод іх 40-гадовы жыхар Берасця.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ён нібыта перадаваў звесткі з судоў, на якіх разглядалі справы «экстрэмісцкай скіраванасці», для публікацыі на інтэрнэт-рэсурсах праваабаронцаў.

«Мужчына знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары. Дзеянням яго саўдзельнікаў будзе дадзена прававая ацэнка», – кажа начальніка 6-га ўпраўлення ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці, Аляксандр Лаўруковіч.

Структура, якая цяпер фактычна пераўтварылася ў палітычную паліцыю, першапачаткова паўстала дзеля іншых мэтаў. Пра гэта распавёў былы працаўнік ведамства, а цяпер кіраўнік «BYPOL» – Аляксандр Азараў:

«У перыяд “перастройкі” так званай з‘явілася шмат крымінальных груповак: бандытызм расквітнеў, было шмат забойстваў, шмат нападаў на грамадзян. З гэтай нагоды была створаная такая структура, каб змагацца з арганізаваным злачынствам. І з тых часоў ГУБАЗіК стаў працаваць. І вельмі эфектыўна працаваў напачатку: была фактычна знішчана ўся арганізаваная злачыннасць».

Цяпер большасць часу гузабазікаўцы выдаткоўваюць на барацьбу з так званым экстрэмізмам.

Для параўнання: летась ведамства раскрыла 21 злачынства, учыненае ў складзе груповак, затое толькі ў Менску завяло больш за 2,5 тысячы «экстрэмісцкіх» крымінальных справаў.

Таксама экстрэмісцкімі сталі амаль 550 ўэб-сайтаў. 35 аб’яднанняў атрымалі статус «экстрэмісцкіх фармаванняў». У спіс асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, уключылі больш за 3,5 тысячы чалавек.

Пра людзей, якія праходзяць паводле гэтых артыкулаў, летась распавёў начальнік Менскага раённага аддзелу Следчага камітэту, палкоўнік юстыцыі Дзмітрый Васілеўскі:

«Паводле нашых назіранняў, дзеянні здзяйсняюць зусім не маргіналы. Прыцягваліся да крымінальнай адказнасці па экстрэмісцкіх артыкулах і пенсіянеры, і настаўнікі, і лекары, і студэнты. Словам, людзі цалкам прыстойныя, якія раней у нашае поле зроку не траплялі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: Tut.by

Самі службоўцы таксама ведаюць, каго затрымліваюць. Пытанні аб вартасці выканання загадаў узнікаюць нават на ўзроўні кіраўнікоў, кажа Азараў:

«Дзеючы кіраўнік ГУБАЗіКу ніколі не выказваўваўся за Лукашэнку. Я яго ведаю шмат гадоў. Ён – звычайны супрацоўнік міліцыі, які выконваў свае абавязкі. І выконваў іх сумленна. Ён прыйшоў у ГУБАЗіК змагацца з арганізаванай злачыннасцю, а не з апазіцыяй».

Але той самы кіраўнік – Андрэй Ананенка – фігура марыянеткавая. Паводле звестак «BYPOL», сапраўдная ўлада ў ГУБАЗіКу сёння сканцэнтраваная ў руках ягонага намесніка – Міхаіла Бедункевіча.

«Бедункевіч хацеў быць кіраўніком ГУБАЗіку, але яго не прызначалілі, таму што ў яго было шмат «касякоў» па працы: адзін з яго супрацоўнікаў падазраецца ў тым, што нібыта скраў грошы і ўцёк за мяжу. Ён такі ценявы кардынал, ценявы намеснік, які фактычна ўсім кіруе».

Бедункевіч вядомы сваёй жорсткасцю. Ягоны стыль пераймаюць і іншыя працаўнікі ведамства. У гэтым змог пераканацца Канстанцін Карней. Хлопца затрымалі ў 2022 годзе за песню «Перамен», якую ён праспяваў у караоке.

«Мне закавалі кайданкі за спінай, паклалі на падлогу ў кухні і пачалі збіваць мяне патэльняй. Акрамя патэльні білі шокерам у пахвінную зону, у сцягна, у спіну. Білі нагамі па спіне і ўвесь час прыгаворвалі: ты ж экстрэміст, ты ж заслужыў», – распавядае хлопец.

Пазней, падчас допыту, губазікаўцы прастрэлілі нагу Канстанціна з пейнтбольнай стрэльбы. Аскепкі засталіся ў целе да гэтага часу.

За шматлікія акты гвалту супраць сваіх жа грамадзянаў Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй трапіла ў санкцыйныя спісы ЗША. Былы кіраўнік структуры, Мікалай Карпянкоў, трапіў пад персанальныя санкцыі Еўразвязу.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»