Пагоня за валютай працягваецца. Сёлета – са зніжкаю


Сухое абястлушчанае малако айчыннай вытворчасці вывозяць з Беларусі У краіны Азіі і Далёкага Усходу па цане, на 11 адсоткаў ніжэйшай, чым гэты прадукт каштуе на найбуйнейшай сусветнай біржы малочных прадуктаў. Беларусь знізіла экспартную цану для яшчэ некалькіх краінаў, якія арыентуюцца на тыя біржавыя паказнікі. Егіпет і Сербія атрымалі зніжкі таксама на сметанковае масла і сыры для плаўлення. Чаму так танна і ці ўсцяж выгадна для вытворцаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абястлушчанае сухое малако – складнік ёгуртаў, кулінарных вырабаў, сумесяў для дзяцей. Ёсць нават у хлебе. Мае доўгі тэрмін прыдатнасці.

Досыць папулярны экспартны прадукт пашырыў геаграфію. За межамі Садружнасці незалежных дзяржаваў (ужо для дванаццаці краінаў Азіі і Блізкага Усходу) сухое малако тлустасцю да 1,5 % каштуе цяпер $2,35. На 13 % танней, чым дагэтуль.

«Для таго каб стабілізаваць валютны рынак, чыноўнікі з усіх сілаў будуць рабіць захады, каб прынамсі на тым рынку, які нам даступны – Азія і Бліжні Усход, быць канкурэнтаздольнымі па цане», – тлумачыць мэту захады эканамістка Аліса Рыжачкова.

У мінулым годзе беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы атрымалі рэкордны даход у валюце – $ 8,3 млрд, бо сусветныя цэны на мяса і малако выраслі на траціну на фоне поўнамаштабнай расейскай вайны ва Украіне. Падставаў для паўтарэння гэтага сёлета няма. Адкат цэнаў ужо адбыўся, а ў лютым пачалося іх сезоннае падзенне.

Беларусы, аднак, могуць завабіць імпарцёраў. На найбуйнейшай сусветнай біржы – «Global Dairy Trade» – ніжняя цана на такое малако цяпер на 11 % вышэйшая, чым беларуская. Пытанне толькі ў тым, хто заробіць на гэтай розніцы.

«Нашыя прадпрыемствы не могуць яго прадаць на вонкавыя рынкі. Гэтым карыстаюцца перакупнікі. Скупляюць дзеля таго, каб выціснуць паболей для сябе выгады. Кіраўнікі прадпрыемстваў залежныя ад каманднай эканомікі. Яны баяцца прымаць рашэнні і ўсяляк перастрахоўваюцца. Самі не ўдзельнічаюць у гэтых гандляваннях. Каб іх не западозрылі ў карупцыйных схемах. Асноўны прыбытак асядае ў кішэнях пасярэднікаў», – лічыць бізнесовец Мікалай Лысянкоў.

Ніжні парог экспартнай цаны дзяржава вызначыла, каб не набывалі ў прадпрыемстваў яшчэ танней. А знізіла яго ў тым ліку, каб выйсці на новыя рынкі. Гэтак, Егіпет і Сербія атрымалі лепшыя цэны на сметанковае масла і сыры для плаўлення. Што лепш будзе і пасярэднікам – Лукашэнку далажылі яшчэ летась улетку:

– Усе сёння хочуць прадаваць на экспарт, таму што там выгадна, – скардзіцца Леанід Заяц.

– А ў Менск не хочуць… Як і ў іншыя вобласці… – падпявае Аляксандр Лукашэнка.

– Унутраны рынак – прыбытковасць меншая. Усе рынуліся на вонкавы рынак, – працягвае чыноўнік…

У выніку абмежавалі і экспартныя, і ўнутраныя цэны на харчы, у тым ліку на малочную прадукцыю. Адно, калі экспартным не далі падаць ніжэй за пэўны ўзровень, то цэнам у беларускіх крамах – не даюць расці вышэй за вызначаную планку.

«Гэтая ніжняя мяжа была вышэй, чым канкурэнтная цана на рынку і адпаведна нашыя вытворцы былі няўдзел. Зараз мы маем і ўнутры абмежаванні, і за мяжу. Але апошнія зрабілі больш мяккімі. Каб тыя ж вытворцы змаглі атрымліваць валютную выручку, аддаваць крэдыты, закупляць нейкія прамежкавыя тавары». – канстатуе Аліса Рыжачкова.

Згодна з пастановаю Мінсельгасхарчу нумар 37, якая вызначыла экспартныя цэны на малочныя прадукты, сухое малако ў Расею – наш асноўны рынак збыту – будзем і надалей прадаваць за $ 2,7. Але ў расейскіх рублях.

Раней Масква неаднаразова збівала цэны на беларускія харчы ці абмяжоўвала аб’ёмы іх імпарту, выкарыстоўваючы адзін і той жа інструмент – правяранні «Рассельгаснагляду».

«Сёння Расея праводзіць палітыку максімальнага спрыяння Беларусі ва ўсіх галінах менавіта з-за геапалітычных чыннікаў, бо Беларусь – ейны адзіны саюзнік і губляць адзінага саюзніка пад час вайны (ці сварыцца з ім) не лагічна», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Таму войнаў малочных ці мясных з усходняю суседкай не прадбачыцца, пакуль тая вядзе рэальную вайну супраць Украіны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»